Пра спецыфіку работы Браслаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету

Калейдоскоп

buda

Загадам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 27 студзеня 2003 года была ўтворана Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Гэты орган упаўнаважаны весці дзяржаўны кантроль за аховай і выкарыстаннем дзікіх жывёл, якія адносяцца да аб’ектаў палявання і рыбалоўства, драўніннай і іншай расліннасці, зямель пад імі, ажыццяўляць кантроль за рыбаводнымі арганізацыямі па захаванні рыбы.

Пра спецыфіку работы Браслаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету карэспандэнт газеты Аляксандр Азевіч вёў размову з яе начальнікам Віталем Будам.

— Віталь Баляслававіч, спаўняецца 14 гадоў з дня заснавання прыродаахоўнай службы. Дата хоць і не юбілейная, але тым не менш хацелася б больш падрабязна пачуць пра вашу работу. Скажыце, якія асноўныя задачы стаяць перад дзяржінспекцыяй?

— Іх дзве. Гэта ажыццяўленне дзяржкантролю за выкананнем законаў і рашэнняў Прэзідэнта, урада і іншых органаў у сферы аховы прыроды, а таксама кантроль за дзейнасцю рыбгасаў.

— На якую тэрыторыю рас- паўсюджваюцца вашы паўна- моцтвы?

— Яны не абмежаваны пэўнымі рэгіёнамі і ахопліваюць усю тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. У зону ж адказнасці Браслаўскай інспекцыі ўваходзяць, акрамя нашага, яшчэ Мёрскі і Шаркаўшчынскі раёны. На гэтай тэрыторыі дзейнасцю займаюцца 5 арандатараў і 1 карыстальнік рыбалоўных, 4 і 1 адпаведна — паляўнічых угоддзяў і 3 лесакарыстальнікі. Акрамя гэтага, трымаем пад кантролем каля 400 азёр фонду запасу, рэкі Заходнюю Дзвіну і Дзісну працягласцю 250 км, а таксама шмат малых рэк і вадаёмаў. Пільную ўвагу надаём такім асабліва ахоўваемым тэрыторыям, як ландшафтны заказнік ‘‘Ельня’’, гідралагічныя ‘‘Рычы’’ і ‘‘Балотны мох’’, нацпарк ‘‘Браслаўскія азёры’’, на якіх распаўсюджаны жывёлы і расліны, унесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі.

— Хто канкрэтна гэтым займаецца?

— У штаце інспекцыі 11 чалавек. З іх 4 дзяжурныя, якія прымаюць інфармацыю па тэлефоне даверу. Яе праверкай і кантрольнымі палявымі мерапрыемствамі займаюцца 4 інспектары, уключаючы мяне, і 2 вадзіцелі.

— Парушальнікаў затрымліваеце шмат?

— За мінулы год правялі 110 кантрольных рэйдаў, у час якіх выявілі 169 парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. 7 матэрыялаў было накіравана ў праваахоўныя органы, па іх узбудзілі 8 крымінальных спраў.

— Віталь Баляслававіч, а прывядзіце некалькі прыкладаў найбольш злосных парушэнняў.

— З задавальненнем. Два арандатары рыбалоўных угоддзяў у Мёрскім раёне, можна сказаць, самі ў сябе ўкралі 23 кг рыбы (тонкасці справы апускаю). Вось яшчэ: у перыяд веснавой забароны двое мінчан сеткамі вылавілі каля 10 кг рыбы. Дык гэтыя аматары ‘‘нарыбачылі’’ на штраф у 100 БВ кожны, кампенсавалі нанесены ўрон у памеры 273 базавых велічынь, атрымалі па паўтара года пазбаўлення волі, праўда, з адтэрміноўкай на той жа тэрмін. У іх канфіскавана лодка з маторам. —

Няслабая рыбалка…

— А як жа. Наша заканадаўства нацэлена на самую жорсткую барацьбу з браканьерамі. Думаю, гэта правільны падыход. З практыкі ведаю, што на незаконнае паляванне і рыбалоўства ідуць далёка не бедныя людзі, якім дзяцей карміць нечым, а даволі забяспечаныя, з разлікам, што ці не трапяць у рукі інспектараў, ці адкупяцца. Не праходзіць.

— Дзякую за гутарку.

■ Тэкст і фота Аляксандра АЗЕВІЧА.