Больш за паўстагоддзя з «Браслаўскай звяздой»

В свободное время

003У “Браслаўскай звязды”, якая выдаецца з 1939 года, ёсць шмат верных падпісчыкаў, якія на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, нягледзячы ні на што, не развітваюцца з любімым выданнем. Такім пастаянным чытачом з’яўляецца Таццяна Іванаўна Пашкоўская з Ахрэмаўцаў.

— На Браслаўшчыну я прыехала ў 1951 годзе, пасля таго, як адвучылася ў Лепельскім педвучылішчы. Працаваць пачынала настаўніцай матэматыкі ў Карасінскай школе, затым настаўнічала ў Струсцянскай і Зарацкай школах, — расказвае пра сябе жанчына. — А паколькі, акрамя педагагічнай дзейнасці, актыўна ўдзельнічала ў прафсаюзным жыцці і была прафінфарматарам, то сябраваць з раённай газетай пачала ўжо з першых месяцаў працы. Адкуль яшчэ было браць дакладную і актуальную інфармацыю?

Таццяна Іванаўна адпрацавала на настаўніцкай ніве больш за 40 гадоў. Мае шмат ганаровых грамат і падзяк, за сваю добрасумленную працу атрымала ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР юбілейны медаль і ганаровае званне “Ветэран працы”. Таццяна Пашкоўская і цяпер шмат чытае, наведвае бібліятэку, выпісвае перыядычныя выданні Беларусі. А найбольш любімыя газеты складае ў падшыўку, робіць паметкі пра апублікаванае.

— “Браслаўскую звязду”, — усміхаецца жанчына, — выпісваю “пажыццёва” і чытаю “ад коркі да коркі”. Сачу за навінамі ў горадзе і раёне, падабаюцца артыкулы пра браслаўчан і рэпартажы журналістаў пра падзеі і мерапрыемствы.

А цяпер Таццяна Іванаўна і сама стала гераіняй артыкула любімай газеты. Няхай жа і надалей не губляецца гэтая повязь, а такіх верных падпісчыкаў у нас становіцца толькі больш!

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.