Хутка пачнецца новы сельскагаспадарчы год

Деньги

002Да заканчэння каляндарнай зімы і прыходу вясны застаецца роўна месяц. Для працаўнікоў жа раслінаводчай галіны вясна, а з ёй і пачатак новага сельскагаспадарчага года пачнецца на месяц-паўтара пазней. Але ж руплівы гаспадар-хлебароб загадзя думае пра пачатак палявых работ, плануе іх этапы, прыкідвае, як лепш управіцца пры раннім ці познім наступленні цяпла. І аснова будучай сяўбы закладваецца ўжо цяпер — у мехмайстэрнях.

Нягледзячы на тое, што перад кіраўнікамі і інжынернай службай сельгаспрадпрыемстваў стаіць аднолькавая задача — як мага раней падрыхтаваць тэхніку і прычапны інвентар да выезду на палеткі, падыходы да яе вырашэння далёка не аднолькавыя. Адны адкладваюць работы на потым, спасылаючыся на фінансавыя і іншыя цяжкасці, іншыя пачынаюць рамонт ужо ў час пастаноўкі тэхнікі на зімовае захоўванне. Да ліку апошніх адносіцца і ААТ “Друйскі”, дзе такая практыка напрацавана дзесяцігоддзямі.

Мінулай восенню, напрыклад, гаспадарка закрыла план зяблевага ворыва. Аднак паколькі вясной плануюць павялічыць пасяўныя плошчы і ў рабоце будуць задзейнічаны плугі, то іх адрамантавалі перад тым, як паставіць на зімовае захоўванне. З рамонтам барон і культыватараў, які не патрабуе асаблівых фінансавых сродкаў, таксама ўправіліся ў першую чаргу.

Ці ўзяць, да прыкладу, рамонт дыскатараў. Іх у гаспадарцы два. Першым на рамонт паставілі той, для якога патрабавалася менш запчастак. Набылі неабходныя і на днях закончаць яго абнаўленне, а ў майстэрню зацягнуць другі. Усе патрэбныя для рамонту дэталі куплены на сродкі, што паступілі ў бюджэт.

Увогуле, як расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Бялюн, бюджэтныя грошы ў гаспадарцы імкнуцца выкарыстаць з максімальнай эфектыўнасцю. Загадзя добра падумаюць, як іх расходаваць. Нават тыя сродкі, што прыходзяць па мэтавых накірунках, перш чым траціць, сем разоў узважаць, каб вызначыцца з першачарговасцю пакупак.

Займаюцца механізатары не толькі рамонтам прычапнога інвентару, а і цяглавай сілы. Напрыклад, механізатар Ігар Бондараў уласнымі рукамі перабраў рухавік і каробку перадач свайго МТЗ і ўжо збіраецца пакідаць майстэрню на гатовым да работы трактары.

На першым плане, як заўсёды, стаіць і падрыхтоўка энерганасычаных агрэгатаў. Адзін з іх адпраўлены на спецбазу ў Верхнядзвінск. З другога няспраўную турбіну своечасова адвезлі на рамонт у Віцебск, яна ўжо перабрана, і, як толькі гаспадарка зможа заплаціць за рамонт, яе прывязуць і ўстановяць. За што выкупіць, дырэктар думае кожны дзень.

Мяркуючы па дзелавым настроі кіраўніцтва і механізатараў, з якім яны займаюцца падрыхтоўкай да веснавых работ, можна не сумнявацца, што хлебаробы ААТ “Друйскі” новы сельскагаспадарчы год сустрэнуць у поўнай гатоўнасці.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.