ПРА ШТО ПІСАЛА “БРАСЛАЎСКАЯ ЗВЯЗДА”

Калейдоскоп
Бз!!2 (Small)
20 гадоў таму назад (студзень 1997-га)

СВЯТОЧНЫЯ ЯЛІНКІ

Дрэўцы з браслаўскіх лясоў упрыгожылі пад Новы год дамы і кватэры жыхароў Паўночнага Каўказа. Напярэдадні Каляд 7 300 святочных ялінак у двух вагонах адправіліся на поўдзень. Станцыя іх прыбыцця — Мінеральныя Воды.

НЕПРЫЕМНАЕ ЗДАРЭННЕ НА НОВЫ ГОД

Вясёлай навагодняй ноччу не спалася не толькі людзям сумленным. Сваю цёмную справу рабілі і зламыснікі. Адзін з іх залез у кватэру па вуліцы Садовай і вынес з яе 2 відэа-магнітафоны, гадзіннік і шапку з футра норкі.

ТЭЛЕФОН НЕ РАСКОША

Сёння рэдка хто ўяўляе сабе жыццё без тэлефона. І нават пры адносна высокай цане за яго ўстаноўку (у горадзе яна складае 500 тыс. руб., у сельскай мясцовасці — 250) чарга жадаючых займець апарат у доме не змяншаецца. На пачатак гэтага года ў РВЭС маецца 540 заяў у Браславе і 450 у вёсках. Летась жа тэлефонаў было ўстаноўлена 203 і 41 адпаведна.

НАРАДЖАЛЬНАСЦЬ УПАЛА

Напэўна, мінулы высакосны год паўплываў на далейшае пагаршэнне ў раёне статыстычных даных па нараджальнасці і заключэнні шлюбаў, якія і раней былі не вельмі вы- сокімі. Напрыклад, у 1993 — 1994 гадах на свет з’явіліся па 460 маленькіх браслаўчан. А ў 1996-м — толькі 368. Не радуе і статыстыка шлюбаў: стварылі сем’і 205 пар, развяліся — 83.

ХЛЕБ НЕ ПАДАРАЖЭЎ, АЛЕ…

Многіх жыхароў раёна ўсхвалявала з’яўленне на паліцах магазінаў боханаў па 5 100 руб. Як патлумачылі на хлебазаводзе, цэны на хлеб устанаўлівае аблвыканкам, які вельмі неахвотна ідзе на яго падаражанне. У выніку хлебазаводы, што выпускаюць масавыя гатункі па 3 000 руб. за бохан, церпяць страты. Таму Міністэрства хлебапрадуктаў паставіла задачу выпускаць да 50 % даражэйшага хлеба палепшанага гатунку, які і бачаць браслаўчане на прылаўках магазінаў.

У САБАК З’ЯВІЎСЯ ДОКТАР

Браслаўская ветлячэбніца аператыўна зрэагавала на захапленне браслаўчан дарагімі пародамі хатніх гадаванцаў, якія патрабуюць больш якаснага догляду. Нядаўна яе работ- нік Віктар Навіцкі прайшоў у Віцебскай зоаветэрынарнай акадэміі спецыяліза- цыю па доглядзе і лячэнні сабак, катоў і трусоў. Цяпер ёсць каму зрабіць хатнім гадаванцам патрэбныя прышчэпкі, даць кансультацыі па іх утрыманні, аказаць медыцынскую дапамогу.

“ПАГАРЭЛІ” НА ВАЛЮЦЕ

“Чорны” валютны рынак расквітнеў асабліва ярка ў апошнія дні. Але, як высветлілася, не спалі ў гэты час і работнікі міліцыі. За 2 дні яны затрымалі 12 чалавек, якія ўчынялі незаконныя аперацыі куплі-продажу, і склалі на іх пратаколы. Канфіскавана 120 долараў і 2,5 млн рублёў.

НОВАЯ КАНФЕСІЯ

Разгледзеўшы заяву групы вернікаў з вёскі Друйск і прылягаючых населеных пунктаў, раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне прасіць Віцебскі аблвыканкам зарэгістраваць статут царквы евангельскіх хрысціян-бапцістаў. У рэлігійнай палітры Браслаўшчыны з’явілася шостая канфесія.

ЖЫЦЦЁ ВЫМУШАЕ

Станоўчую тэндэнцыю павелічэння пагалоўя хатняй жывёлы заўважылі работнікі Ахрэмавецкага сельвыканкама, праводзячы штогадовы падворны ўлік. Так, агульная колькасць кароў у вяскоўцаў дасягнула 697 галоў, а коней трымаюць аж 40 гаспадароў.

ПРЫРОДА НЕ НЕВЫЧЭРПНЫ КАЛОДЗЕЖ

З арганізацыяй на тэрыторыі раёна нацыянальнага парка, пэўна, некаторыя жыхары палічылі, што інспекцыя рыбаховы здала свае паўнамоцтвы і можна смела выходзіць на незаконную здабычу рыбы. Але гэта далёка не так. Супрацоўнікі інспекцыі, як і раней, абараняюць прыродныя багацці ад бяздумнага рабавання. Так, у мінулым годзе было выяўлена 327 выпадкаў парушэння правіл рыбнай лоўлі, у браканьераў адабрана 196 сетак, 2 бродні, 77 іншых прыстасаванняў незаконнага промыслу. ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО