ІСКРЫНКА ПЕРШАЙ СУСТРЭЧЫ СВЕЦІЦЬ І СЁННЯ

Люди
IMG_0481 (Small)
‘‘Мы ніколі не дзялілі абавязкі, — кажа Зоя Сельская, — усё рабілі разам, раіліся, абмяркоўвалі, планавалі і клапаціліся адзін пра аднаго’’

Каханне — пачуццё таямнічае, падобнае на цуд. І часам хапае адзінага погляду, каб дзяўчына і юнак прыглянуліся адзін аднаму. Так 37 гадоў таму назад здарылася ў Леаніда і Зоі Сельскіх.

Малады педагог Зоя пасля заканчэння Віцебскага педінстытута па размеркаванні працавала ў былой Опліскай школе. Туды на святкаванне Дня настаўніка са сваім сябрам прыехаў з Ахрэмаўцаў і Леанід.

— У сваю Зою, — успамінае першую сустрэчу мужчына, — закахаўся адразу, як толькі ўбачыў. Аднак у дзяўчыны ўжо быў кавалер з роднага Глыбокага, з якім яна сустракалася пяць гадоў. У гэты любоўны трохкутнік умяшалася залатавалосая Афрадыта. І ўжо праз месяц Зоя і Леанід згулялі вяселле. Безумоўна, была хваля здзіўлення і непаразумення ад сваякоў з абодвух бакоў. Аднак шчаслівыя маладыя ўпэўнена ступілі ў сваю сямейную будучыню.

Муж з жонкай пераехалі ў Ахрэмаўцы. Зоя перавялася ў мясцовую школу, а Леанід уладкаваўся ў райаграсэрвіс. Жыллё атрымалі ў будынку былой пачатковай школы. У вызначаны тэрмін нарадзіўся першанец. Шчаслівая маці акунулася ў хатнія клопаты, гаспадар працаваў і ўладкоўваў дом. Праз чатыры гады на свет з’явіўся яшчэ адзін сын.

Памкненні мужчыны да павелічэння дабрабыту сям’і падштурхнулі перайсці на мясцовы торфазавод. У хуткім часе Сельскім ад прадпрыемства выдзелілі кватэру. Свой уласны куток яны зрабілі невялікім астраўком радасці і ўтульнасці, дзе можна было адпачыць пасля цяжкай працы, пачуць цёплыя словы, атрымаць слушную параду.

Зоя Канстанцінаўна шчыравала на педагагічнай ніве. Творчая і таленавітая, яна зацікаўлена прывівала вучням інтарэс да рускай і беларускай мовы і літаратуры. Кожны дзень апантаны педагог, як той рэжысёр, стварала на ўроках невялікія спектаклі. Таму не дзіўна, што яе былыя вучні і праз шмат гадоў з удзячнасцю ўзгадваюць гэтыя заняткі.

Адказная і складаная пасада Леаніда Аляксеевіча — начальнік участка здабычы торфу — таксама патрабавала шчыльнага графіка працы, асабліва ўлетку, умення знайсці падыход да кожнага рабочага і памкнення выканаць даведзены план.

Пры гэтым сям’я трымала хатнюю гаспадарку, апрацоўвала агароды. Здавалася, на сямейныя каштоўнасці ніякіх сіл не застаецца. Тым не менш у доме смачна пахла пірагамі і гучаў смех, гаспадары знаходзілі час для экскурсій у розныя гарады і адпачынку на моры.

У такой атмасферы добразычлівасці і шчырасці сыны выраслі працавітымі і сумленнымі. Абодва маюць вышэйшую адукацыю. Старэйшы з сям’ёй жыве ў Віцебску, малодшы пакуль побач з бацькамі.

Ужо пяць гадоў Зоя Канстанцінаўна на заслужаным адпачынку. Цяпер яе любімым заняткам стала фатаграфія. Творчая натура жанчыны прыкмячае прыгожыя карціны прыроды, якія тут жа застаюцца на здымку. Заўзятая грыбніца, яна з задавальненнем збірае дары лесу. Летам завіхаецца на агародах.

Нядаўна і Леанід Аляксеевіч атрымаў статус пенсіянера. І цяпер муж і жонка складаюць агульныя планы вольнага часу.

Безумоўна, на шляху сумеснага жыцця сям’і Сельскіх трапляліся і цяжкасці. Але пяшчота і цеплыня ў іх вачах сведчаць, што іскрынку кахання першай сустрэчы яны пранеслі праз усе гэтыя гады. ■

Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара.