Навіс цень банкруцтва

Деньги

imagesНа першы ў гэтым годзе агульны сход членаў акцыянернага таварыства «Новая Гвардыя», які адбыўся ў мінулую пятніцу, было вынесена адно пытанне: «Аб эканамічным банкруцтве гаспадаркі».

З фінансавай сітуацыяй, якая склалася ў сельгаспрадпрыемстве, прысутных знаёміла галоўны бухгалтар Аксана Шынкевіч. А яна вельмі незайздросная. Так, на 1 ліпеня 2016 года даўгі ААТ ‘‘Новая Гвардыя’’ складалі 5 мільёнаў 876 тысяч рублёў пры чакаемай выручцы ў 900 тысяч, або перавышалі гадавы даход у 6,5 раза. 60 % ад агульнай сумы складае доўг перад ААТ ‘‘Глыбоцкі МКК’’.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 ліпеня 2016 г. № 253 ‘‘Аб мерах па фінансавым аздараўленні сельгасарганізацый’’ быў распрацаваны бізнес-план па дасудовым выхадзе з крызісу на 5 гадоў. Гэты дакумент разглядаўся на пасяджэннях спецыяльных камісій пры райвыканкаме і аблвыканкаме. Аднак нават пры ўсіх прадугледжаных Указам растэрміноўках запазычанасці, павелічэнні выручкі да канца 2021 года ААТ ‘‘Новая Гвардыя’’ будзе заставацца неплацежаздольнай. Таму камісіяй аблвыканкама рэкамендавана прызнаць немэтазгоднай працэдуру дасудовага аздараўлення і перадаць справу ў гаспадарчы суд. Дарэчы, акрамя ‘‘Новай Гвардыі’’, такі вердыкт вынесены яшчэ 16-ці гаспадаркам вобласці. Спіс фарміраваўся спецыяльнай пастановай Савета Міністраў.

Зразумела, такая перспектыва не абрадавала акцыянераў, таму пасля выступлення бухгалтара з залы пачалі задаваць пытанні пра далейшы лёс гаспадаркі і людзей. Адказваў на іх першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання Максім Чагарын. Сутнасць адказаў зводзілася да таго, што аб’яўленае судом банкруцтва зусім не значыць ‘‘расцягванне’’ гаспадаркі па частках: адзін купіць трактар, другі — плуг, трэці — 2-3 кароў. Прадавацца інвестару ці перадавацца ў рукі новага ўладальніка сельгаспрадпрыемства будзе як адзіны маёмасны комплекс. А гэта значыць, што захаваюцца і рабочыя месцы. ■

Аляксандр АЗЕВІЧ.