Зімовае свята

Здоровье
IMG_8398 (Small)
Дарослая група пасля ўзнагароджвання.

У мінулую суботу ў Браславе адбыліся спаборніцтвы па лыжных гонках для дзяцей і дарослых у рамках 3 этапа Адкрытага кубка Рэспублікі Беларусь “Крещение на опушке”. Правядзенне спартыўнага мерапрыемства супала з Сусветным днём снегу, які штогод адзначаецца ў студзені па ініцыятыве Міжнароднай лыжнай федэрацыі ў больш чым 80 краінах.

Лыжныя гонкі, арганізатарамі якіх з’яўляліся аддзел адукацыі, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкама і сям’я Шакеляў, аб’ядналі больш за 80 удзельнікаў рознага ўзросту. Спаборніцтвы былі падзелены на дзве часткі: школьную і дарослую.

IMG_8357 (Small)
Стартуюць школьнікі

Напачатку на старт выйшлі навучэнцы школ раёна — 57 дзяцей спрабавалі свае сілы на дыстанцыі 1 кіламетр. Трэба адзначыць, што ўстановы адукацыі актыўна адгукнуліся на прапанову прыняць удзел у мерапрыемстве. Настаўнікі з вучнямі прыехалі з Друі, Слабодкі, Опсы, Кансталіна, Урбан, Дрысвят, Мілек, Богіна, на месцы да іх далучыліся навучэнцы гарадскіх школ.

Дзяцей на лыжнай трасе праз некаторы час змянілі дарослыя. Аматары лыжнага віду спорту прыехалі з Гомеля, Докшыц, Барысава, Лагойска, Оршы, Мінска, Магілёва, Віцебска і Талдома (Расія). Былі і прадстаўнікі Браслаўшчыны. Спартсменаў падзялілі на 8 узроставых груп. Дарэчы, самаму старэйшаму лыжніку — 72 гады. Мужчынам неабходна было пераадолець дыстанцыю ў 15 кіламетраў, а жанчынам — 5 км.

Пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў па лыжных гонках у рамках 3 этапа Адкрытага кубка Рэспублікі Беларусь вызначалі ў асабістым абсалютным першынстве па найменшым часе, паказаным на дыстанцыі, а таксама асобна ва ўзроставых групах. У школьнай групе вызначаліся пераможцы ў агульнакамандным заліку і таксама асабістым — у залежнасці ад узросту.

Сярод школьнікаў у групе 1999 — 2000 года нараджэння перамогу святкавалі Дзмітрый Смірноў (Слабодка) і Крысціна Пушкарова (Опса), у катэгорыі 2001 — 2002 г. н. — Аляксей Голубеў (Опса) і Наталля Ушак (Слабодка), сярод удзельнікаў 2003 г. н. і маладзейшых лепшыя вынікі паказалі Уладзіслаў Селязнёў (Слабодка) і Эвеліна Атрошка (Опса). У агульнакамандным заліку ў першай лізе лепшыя вынікі паказалі вучні Слабодкаўскай школы, другімі і трэцімі сталі вучні Опсаўскай школы і СШ № 2. У другой лізе тройка прызёраў выглядае так: 1 месца — Дрысвяты, 2 — Богіна, 3 — Урбаны.

У дарослай групе ў сваіх узроставых катэгорыях пераможцамі сталі Глеб Шакель (Браслаў), Віктар Крэч (Гомель), Сяргей Шышла (Барысаў), Аляксандр Пугач (Мінск), Валерый Цітоў (Магілёў), Ірына Юрок і Юлія Сакольчык (Мінск). У асабістым першынстве перамаглі Сяргей Шышла і Юлія Сакольчык.

Пераможцы і прызёры спаборніцтваў атрымалі дыпломы, граматы, кубкі і сувеніры. ■

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.