На варце мяжы — з надзейнымі сябрамі

Главное Государственная пограничная политика

IMG_3143 (Mobile)

Пагранічнікамі становяцца па-рознаму. Адны, захапіўшыся армейскім жыццём, потым працягваюць служыць на мяжы. Іншыя ж трапляюць у прафесію па закліку душы. Мой суразмоўца, начальнік аддзялення службы сабак АПК “Урбаны” Эдуард Пракапенка, па волі лёсу стаў пагранічнікам, аднак ахова рубяжоў краіны вабіла яго заўсёды.

Для Эдуарда менавіта армія стала вызначальным момантам у жыцці. Калі хлопцу прапанавалі выбіраць войскі, дзе будзе несці службу, не раздумваючы, адказаў, што хоча авалодаць навыкамі пагранічнай службы. Якраз у той час набіралі групу будучых кінолагаў. З дзяцінства Эдуард любіў сабак, захапляўся імі і нават спрабаваў дрэсіраваць свайго ўласнага гадаванца. Так ураджэнец Віцебшчыны трапіў у кіналагічны цэнтр у Смаргоні, а ўжо атрымаўшы спецыяльнасць “Інструктар пошукавых сабак”, працягнуў службу на Гродзеншчыне.

Менавіта там у Эдуарда з’явіўся першы сябар і памочнік, з якім ён не раз выходзіў на варту, затрымліваў парушальнікаў і знаходзіў кантрабанду. Тады ж у хлопца ўмацавалася жаданне працягнуць службу на мяжы. Так Э. Пракапенка трапіў спачатку ў “Бігосава”, а праз некаторы час, калі загадала Радзіма, ён пераехаў на Браслаўшчыну, дзе каля 8 гадоў служыў у мабільнай групе кінолагаў АПС “Опса”.

Два гады таму назад яму прапанавалі стаць кіраўніком і заняць пасаду начальніка аддзялення службы сабак АПК “Урбаны”. І гэта не выпадкова. Не памылюся, калі скажу, што Эдуард — адзін з лепшых кінолагаў-пагранічнікаў у краіне. Гэта бачна і па ўзроўні падрыхтоўкі сабак, і па выніках дзейнасці. Цяпер у яго падначаленні некалькі кінолагаў і 5 сабак, у кожнага з якіх свой накірунак службы. Сам Эдуард разам з лабрадорамі Майнай і Сэйлай працуе над пошукам наркатычных сродкаў, а ёсць і такія сабакі, што спецыялізуюцца на выяўленні выбуховых рэчываў. Усе сабакі ў пагранічнікаў маладыя, аднак ужо паспелі зарэкамендаваць сябе як верныя памочнікі. Не раз яны дапамагалі знайсці схаваныя ў машыне наркотыкі, тытунёвыя вырабы.

— Каля 8 гадоў маім верным сябрам быў лабрадор Зама. Мы разумелі адзін аднаго з паўслова, не раз удзельнічалі ў затрыманнях, спецыялізаваных конкурсах. Цяпер працую з двума 1,5-гадовымі сабакамі. І яны ўжо паказваюць добрыя вынікі, — расказвае Эдуард. — Увогуле ж падрыхтаваць сабаку, які будзе верным памочнікам і сябрам, вельмі складана. Гэта падобна да таго, як навучыць дзіця размаўляць. Мы бяром маленькіх шчанюкоў, а пасля шматгадовых трэніровак яны становяцца сапраўднымі вартавымі мяжы. У кожнага кінолага ёсць свае метады, падыходы, і хоць гэта складаны, але цікавы працэс. Мае сабакі са мной побач 24 гадзіны ў суткі: і дома, і на службе.

У дрэсіроўцы Эдуарду дапамагае спецыяльная літаратура, калегі з іншых атрадаў і службаў. Раз у год праходзяць зборы, дзе кінолагі-пагранічнікі абменьваюцца вопытам і напрацоўкамі. Эдуард прызнаецца, што сабакі вельмі дысцыплінуюць свайго гаспадара: трэба некалькі разоў на дзень іх выгуляць, прыгатаваць ежу, патрэніраваць.

Самаадданая праца Эдуарда дае станоўчы вынік. Ён не раз станавіўся лепшым кінолагам пагранатрада, атрымліваў розныя ўзнагароды, такія як нагрудныя знакі “Выдатнік пагранічнай службы” 1 і 2 ступеней, каштоўныя падарункі, граматы і дыпломы. Раней разам са сваім сябрам Замам быў прызёрам рэспубліканскага конкурсу на лепшага кінолага. Выдатна выступалі яны і на міжнародных спаборніцтвах у Літве, Латвіі, Расіі. Цяпер Эдуард ставіць перад сабой мэту падрыхтаваць Майну і Сэйлу да конкурсаў і ўжо ў гэтым годзе выступіць на рэспубліканскім ці міжнародным узроўнях. Будзем спадзявацца, вопытнаму спецыялісту і яго памочнікам гэта будзе па сілах. ■

IMG_3159 (Mobile)IMG_3150 (Mobile)

Кінолаг Эдуард Пракапенка: ‘‘Сабакі адчуваюць, што я сябар, а не гаспадар’’.

Таццяна ПЯТУШКА. Фота аўтара.