Першыя “альтэрнатыўшчыкі”

Калейдоскоп

231-400x198-600x297З першага ліпеня 2016 года ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь “Аб альтэрнатыўнай службе”. Ім прадугледжваецца, што на альтэрнатыўную службу могуць быць накіраваны грамадзяне, якія належаць да прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, годныя па стане здароўя і фізічным развіцці да службы ва Узброеных Сілах, аднак асабіста заявілі, што прыняцце воінскай прысягі, нашэнне, прымяненне зброі або непасрэдны ўдзел у вытворчасці і абслугоўванні яе, а таксама боепрыпасаў і баявой тэхнікі супярэчыць іх рэлігійным перакананням, пры якіх праходжанне воінскай службы немагчыма.

Узгаданым законам вызначана, што грамадзяне праходзяць альтэрнатыўную службу ва ўстановах аховы здароўя, сацыяльнай сферы, жыллёва-камуналь- най, сельскай і лясной гаспадарках, у арганізацыях, якія займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый, будаўніцтвам і рамонтам дарог і чыгуначных шляхоў. Іх пералік устанаўліваецца Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.

У альтэрнатыўнай службе прадугледжана і такая акалічнасць: яе тэрмін павялічаны роўна ў два разы. Гэта значыць, што ваеннаабавязаныя з вышэйшай адукацыяй павінны праслужыць на вызначаным месцы 2 гады, без вышэйшай — тры.

У сярэдзіне снежня мінулага года праходзіць альтэрнатыўную службу ў ААТ “Браслаўскі райаграсэрвіс” прыбылі два юнакі: Сяргей Кажушка і Дзмітрый Чорба. З першым з іх на днях давялося пагутарыць.

Нарадзіўся С. Кажушка ў Казахстане, аднак сям’я даўно перабралася на пастаяннае месцажыхарства ў Карэлічскі раён Гродзенскай вобласці. Акрамя Сяргея, у сям’і яшчэ падрастаюць пяцёра малодшых братоў. Гэтай восенню адразу трое старэйшых атрымалі павесткі на службу. Нягледзячы на тое, што ўсе яны аднаго веравызнання, малодшыя пайшлі служыць у армію. Сяргей жа не згадзіўся браць у рукі зброю, таму яму была вызначана альтэрнатыўная служба. Згодна з дзеючым заканадаўствам адміністра- цыя аграсэрвіса выдзеліла “альтэрнатыўшчыку” пакой у інтэрнаце, а грашовае забеспячэнне ён будзе атрымліваць ва ўпраўленні па сацыяльнай абароне і занятасці насельніцтва.

Месцам працы хлопцу вызначана МТФ “Гайлешы”, дзе ён ужо паспеў асвоіць спецыяльнасць аператара машыннага даення. Цяпер дае даяркам выхадныя, а ў хуткім часе атрымае і ўласную групу кароў.

— Хлопец старанны, дысцыплінаваны, — характарызуе яго загадчыца фермы Ірына Мацюк. — Калектыў прыняў яго з задавальненнем, дапамагае асвоіцца на новым месцы. Ды і ён не староніцца людзей, ладзіць з усімі. Не расчараваны альтэрнатыўнай службай і сам Сяргей. Кажа, што тры гады не такі і вялікі тэрмін, і адпрацаваць іх збіраецца сумленна.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.