Пад апекай Галіны Крычалавай сем адзінокіх бабуль і дзядуляў

Люди

34Прафесію сацыяльнага работніка Галіна Крычалава выбрала тры гады таму назад. Пад яе апекай сем адзінокіх бабуль і дзядуляў, якія жывуць на хутарах каля Карасіна.

Штодзень жанчына спяшаецца па графіку да сваіх падапечных. Безумоўна, найбольш складана зімой: трэба снег пачысціць, дроў нанасіць, печ выцепліць, есці прыгатаваць. Зразумела, сталыя людзі розныя па характары і нярэдка бываюць капрызнымі, нібы дзеці. Таму без такту і цярпення тут не абысціся. І з кожным Г. Крычалава паспявае пагаварыць, выслухаць праблемы, падзяліцца навінамі. А для пажылых і адзінокіх гэта найлепшая тэрапія.

Разам з Галінай Сяргееўнай завітала да яе падапечнай Усцініі Васільевай. Седзячы каля акна, жанчына з раніцы да вечара можа чакаць, калі да яе хто прыйдзе, каб разбавіць адзіноту і проста пагаварыць. З вялікай удзячнасцю яна расказвае пра свайго “добрага анёла”.

— Галінка, — гаворыць пенсіянерка, — для мяне другая дачка. Добрая, руплівая, заўсёды з лагоднай усмешкай. Нават і не ведаю, што рабіла б без яе.

І сапраўды, толькі на месцы, гледзячы ў вочы пажылой гаспадыні, разумееш важкасць дапамогі з боку сацыяльнай службы нямоглым і адзінокім старым.

Асаблівы боль у Галіны Сяргееўны выклікаюць старыя, да якіх не прыязджаюць дзеці. Са слязьмі на вачах жанчына расказвае, як яны не выпускаюць яе рук і просяць не пакінуць іх.

— Быццам за родных сэрца баліць, — кажа сацработнік. — Трэба бачыць, як яны радуюцца майму прыходу. Ды і зразумела, што ўсім ім не хапае ўвагі і цеплыні. Часам не столькі трэба дапамога, колькі проста хочацца пагаварыць, адвесці душу.

Несумненна, у людзей гэтай нялёгкай, але такой патрэбнай прафесіі вялікае добрае сэрца. І дзень за днём яны робяць свет больш шчырым і міласэрным.

■ Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара.