З ДОБРЫМ НАСТРОЕМ І САЛАДОСЦЯМІ

Главное

25У пераднавагоднія дні кожнаму з нас хочацца цудаў і здзяйснення мары. Асабліва гэтага чакаюць дзеці. Каб малыя паверылі ў казку, дарослыя ладзяць для іх шматлікія святы і мерапрыемствы. Па добрай традыцыі кожны год для юных браслаўчан арганізуе дабрачынны ранішнік і раённае аддзяленне ГА “Беларускі дзіцячы фонд”.

Сёлета на свята запрасілі больш за 110 дзяцей — тых, каму асабліва патрэбна ўвага і клопат: дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, са шматдзетных, апякунскіх, прыёмных сямей. На некаторы час усе яны трапілі ў казку, дзе пануе весялосць, шчасце і здзяйсняюцца мары. А падарылі яе хлопчыкам і дзяўчынкам неабыякавыя дарослыя.

Першай павіншавала з доўгачаканымі надыходзячымі святамі дзяцей і дарослых начальнік аддзела23 ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Антаніна Абалевіч. Яна адзначыла, што ў раёне актыўна праходзіць акцыя “Нашы дзеці” і без увагі не застанецца ні адно дзіця, а таксама пажадала ўсім міру, дабрыні, здароўя і шчасця ў надыходзячым годзе. Дзеці не засталіся ўбаку, падзякавалі за клопат і ўручылі А. Абалевіч падарунак, зроблены рукамі юных майстроў Браслаўшчыны.

Ужо праз некалькі імгненняў зала напоўнілася навагоднімі прыгодамі, казкамі і чараўніцтвам. Дзяцей рознага ўзросту аб’яднаў карагод. У маскарадных касцюмах і з добрым настроем яны чакалі, калі ж да іх завітае галоўны герой свята.

Дзед Мароз прыйшоў не адзін, а разам са Снягурачкай, скамарохамі і сімвалам года — Пеўнем. І хоць адмоўны персанаж Чорны Крумкач спрабаваў сапсаваць свята, дзеці не дазволілі яму гэта зрабіць. Героі навагодняй казкі адразу захапілі ўвагу прысутных, падарылі святочны настрой, і малыя з задавальненнем назіралі за іх прыгодамі. А пазней разам дзеці і казачныя персанажы вадзілі карагоды, спявалі песні, чыталі вершы, удзельнічалі ў гульнях, танцавалі, запальвалі ёлачку.

Пасля цудоўнага прадстаўлення, падрыхтаванага супрацоўнікамі Раённага цэнтра культуры, хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі сюрпрызы ад раённага аддзялення ГА “Беларускі дзіцячы фонд”. З залы яны выходзілі з салодкімі падарункамі і добрым настроем. Няхай ён не пакідае іх увесь гэты год.

■ Таццяна ПЯТУШКА.

Фота аўтара.