Нават пасля закрыцця бібліятэкі не пакінула верных чытачоў

Калейдоскоп

beautiful-book-books-imagine-favim-com-2381823У рэдакцыю нярэдка прыходзяць лісты і паступаюць тэлефанаванні з падзякамі супрацоўнікам той ці іншай раённай арганізацыі. Тады разумееш, што ў свеце яшчэ хапае добрых людзей, якія прыйдуць на дапамогу ў цяжкую хвіліну, падтрымаюць і словам, і справай, прычым не столькі па сваіх прафесійных абавязках, а хутчэй па закліку душы і сэрца.

Напярэдадні навагодніх свят нам паступіў калектыўны званок з Гірэйшаў ад Аліцыі Баркоўскай, Ганны Пурэвіч, Тэрэзы Аляхновіч, Зоі Валчонак, Ядвігі Фунікавай і Антаніны Кажанеўскай. Жанчыны прасілі выказаць удзячнасць свайму нязменнаму бібліятэкару Жанне Анісімовіч, якая нават пасля закрыцця ў Гірэйшах бібліятэкі не пакінула верных чытачоў. Не шкадуючы свайго асабістага часу, Жанна Іосіфаўна вязе кнігі на аўтобусе з Дрысвят, дзе цяпер працуе бібліятэкарам. Яна добра вывучыла звычкі і густ кожнага гірэйшынскага чытача, таму не баіцца памыліцца з выбарам, а яшчэ, здзіўляліся жанчыны, нібы экстрасэнс, заўсёды ведае, калі надыходзіць час памяняць прачытанае. Успамінаюць жыхары Гірэйшаў і разнастайныя цікавыя мерапрыемствы, якія ладзіла іх былы бібліятэкар, і крыху сумуюць па ранейшым часе. За чулыя адносіны, дабрыню і спагаду жанчыны дзякуюць Жанне Анісімовіч, жадаюць заставацца такой жа прыветлівай і далей дарыць радасць людзям.

■ Вера БУЛАНАВА.