З 1 студзеня змяняюцца правілы наведвання пагранічнай зоны і пагранічнай паласы

Государственная пограничная политика Новости

18-07-2016З 1 студзеня змяняюцца правілы наведвання пагранічнай зоны і пагранічнай паласы. Пра гэта ўжо паведамлялася на старонках “Браслаўскай звязды”. Тым не менш многія жыхары краіны яшчэ не ведаюць пра будучыя змяненні. Пракаменціраваў новаўвядзенні памочнік начальніка Полацкага пагранічнага атрада па рабоце са СМІ Дзяніс Глебка:

— З новага года грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у краіне і дасягнулі 14-гадовага ўзросту, будуць вызвалены ад аплаты дзяржаўнай пошліны за ўезд (уваход) і перамяшчэнне ў пагранічнай зоне. Пры наведванні рэжымнай тэрыторыі ім дастаткова мець пры сабе пашпарт, пасведчанне бежанца або від на жыхарства.

Ёсць змены і ў частцы знаходжання ў пагранічнай паласе. Тэрмін дзеяння пропускаў у пагранічную паласу для беларускіх грамадзян павялічваецца з аднаго да двух гадоў. Памер дзяржпошліны складзе 0,4 базавай велічыні. Плаціць яе не прыйдзецца жыхарам пагранічнай зоны, работнікам арганізацый, якія вядуць гаспадарчую дзейнасць у пагранічнай паласе, і шэрагу іншых катэгорый грамадзян.

Таксама з 1 студзеня зменіцца парадак наведвання пагранічнай зоны для замежных грамадзян. Тэрмін дзеяння пропуска ў яе павялічыцца з аднаго да двух гадоў, а стаўка дзяржаўнай пошліны за выдачу такога дакумента складзе 0,4 базавай велічыні.

Межы пагранічнай зоны і пагранічнай паласы ўсталёўваюцца рашэннем Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта. На мясцовасці яны пазначаны аншлагамі.

Падрабязную інфармацыю можна атрымаць на афіцыйным інтэрнэт-партале Дзяржаўнага пагранічнага камітэта http://gpk.gov.by ці на сайце Полацкага пагранічнага атрада http:// tops.gpk.gov.by/polock.

Са студзеня заяву на выдачу пропуска ў пагранічную зону ці пагранічную паласу можна будзе падаць у Полацкім пагранатрадзе (Полацкі р-н, в. Фарынава), у аддзеле пагранічнай службы “Опса”, на пагранічных заставах “Друя”, “Плюсы”, пастах “Урбаны”, “Відзы”, “Карасіна”, “Пакульня”, “Відзы”, “Казяны”. Гатовы пропуск будуць выдаваць у Полацкім пагранатрадзе (на ўчастак усіх падраздзяленняў пагранатрада), у АПС “Опса” (на ўчасткі застаў “Друя”, “Плюсы”, пастоў “Урбаны”, “Відзы”, “Карасіна”, “Пакульня”, “Відзы”, “Казяны”), на заставе “Друя” (на ўчастак гэтай заставы).