Ансамблі баяністаў і цымбалістаў Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў заваявалі прызавыя месцы на міжрэгіянальным фестывали ансамблевай музыкі “Вясёлка сугуччаў”

Калейдоскоп Новости

333Першы адкрыты міжрэгіянальны фестываль ансамблевай музыкі “Вясёлка сугуччаў” прайшоў у Шаркаўшчынскім раённым цэнтры культуры ў пачатку снежня. Ансамблі баяністаў і цымбалістаў Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў прадэманстравалі высокі ўзровень майстэрства і заваявалі прызавыя месцы.

У фестывалі прынялі ўдзел творчыя калектывы з Беларусі, Латвіі і Літвы. Канкурэнцыя была высокая, бо ўсе ўдзельнікі былі нацэлены на перамогу і выконвалі складаную музычную праграму. Дарэчы, у склад журы ўваходзілі строгія прафесіяналы сваёй справы, такія як кампазітар і выкладчык Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа Леанід Маліноўскі, выкладчык гэтай жа ўстановы Аляксандр Шабуцкі, выкладчыкі раённых музычных устаноў і інш.

Ансамбль цымбалістаў, якім кіруе Любоў Храмава і які складаецца з Анастасіі Марозавай, Анастасіі Міцкевіч, Любові Няборскай і Ганны Гаспаран, выконваў на конкурсе творы аўтарства Л. Маліноўскага і І. Штрауса. А трыа баяністаў у складзе Дзяніса Ясіновіча, Сцяпана Александровіча, Мікіты Плясуна пад кіраўніцтвам Ірыны Бялусь прадставіла на суд журы мелодыі кампазітараў У. Сярэбранікава і Р. Нікішына.

Выкананне абраных кампазіцый было высока ацэнена журы, якое прысудзіла ансамблю цымбалістаў трэцяе, а трыа баяністаў — першае месца на фестывалі.

Сваім выступленнем юныя музыканты і іх педагогі задаволены. Дыпломы прызёраў і пераможцаў зоймуць пачэснае месца на стэндзе ўзнагарод і стануць яшчэ адным стымулам да перамогі на іншых музычных конкурсах і фестывалях.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.