Сёння іх клопатнае падвор’е налічвае чатырох дойных кароў, некалькіх свіней і мноства разнастайнай дробнай птушкі

Главное

04З кожным годам колькасць асабістых падсобных гаспадарак на Браслаўшчыне скарачаецца. Зразумела, людзі хочуць жыць лягчэй. Навошта падымацца на досвітку, бегчы з вёдрамі ў хлеў — прасцей купіць малако і мяса ў магазіне. Аднак ёсць яшчэ ў нашых вёсках сапраўдныя дбайныя гаспадары, якія не ўяўляюць свайго жыцця без разнастайнай жыўнасці ў хлеўчуку. Да такіх адносіцца і сям’я Эдуарда і Ліліі Вайцяхоўскіх з Купішак.

Сваю першую ўласную гаспадарку яны атрымалі ў пасаг на вяселле. Бацькі нявесты выдзелілі маладым адну карову, цялушку і дваіх парасят. Сёння іх клопатнае падвор’е налічвае чатырох дойных кароў, некалькіх свіней і мноства разнастайнай дробнай птушкі.

За год гаспадары прадалі дзяржаве больш за 11 тон малака. Безумоўна, гэта дадатковы даход для сям’і. Але і немалы цяжар. Каб пракарміць сваю жывёлу, Вайцяхоўскія апрацоўваюць два гектары зямлі, летам завіхаюцца на нарыхтоўцы сена. Клопатаў шмат, да таго ж у іх ёсць і асноўная работа. Эдуард Іосіфавіч — трактарыст, а Лілія Чаславаўна працуе на ферме ААТ “Бярозавы край”.

— Можна сказаць, мы людзі невыязныя, — заўважае гаспадыня, — бо жывёлу без догляду не пакінеш, а падмяніць ніхто не возьмецца.

Значную падтрымку па ўтрыманні асабістай гаспадаркі сям’і аказвае мясцовае сельгаспрадпрыемства. Калі трэба, кіраўніцтва і тэхніку для апрацоўкі глебы выдзяляе, і пашу. Кожную вольную хвіліну на дапамогу бацькам прыязджаюць сын і дачка са сваімі сем’ямі.

— Якая там матэрыяль- ная выгада! — прызнаецца жанчына.— Перш за ўсё гэта цяжкая фізічная праца. А трымаем столькі жывёлы, каб мець свае натуральныя прадукты.

З дзяцінства прывучаныя да сялянскіх клопатаў Лілія і Эдуард Вайцяхоўскія не звяртаюць увагі на будзённую аднастайнасць і атрымліваюць маральнае задавальненне ад вынікаў сваёй работы. Напэўна, так ужо ўладкавана сялянская душа дбайных гаспадароў.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.