Старшыня суда Браслаўскага раёна Вольга Пракопчык разгледзела тысячы крымінальных, грамадзянскіх спраў

Актуальное Человек и закон

1За гады сваёй прафесійнай дзейнасці старшыня суда Браслаўскага раёна Вольга Пракопчык разгледзела тысячы крымінальных, грамадзянскіх спраў, а таксама спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Многія з іх Вольга Браніславаўна памятае да дробязей. Простых спраў, упэўнена суддзя, не бывае, за кожнай — лёс чалавека.

Безумоўна, вельмі цяжка стрымліваць эмоцыі, калі на лаве падсудных, напрыклад, маладыя людзі, жанчыны, якіх дома чакаюць непаўналетнія дзеці, калі ў зале чуецца плач блізкіх.

— Суддзя, прымаючы рашэнне, — кажа Вольга Пракопчык, — кіруецца законам і абапіраецца на сваё сумленне. І як бы ні было цяжка, не мае права паказваць свае адносіны да разглядаемай справы.

Тым не менш, калі суддзя строгі і непрадузяты падчас судовага працэсу, гэта яшчэ не значыць, што ўчыненае злачынства абвінавачванага і вынесеная мера пакарання не пакіне глыбокі след у яго сэрцы.

Да таго ж суддзя ў нейкім сэнсе псіхолаг. Бо часцей за ўсё бакі па справе прыходзяць у суд раззлаванымі адзін на аднаго, паводзяць сябе непрадказальна, агрэсіўна, і трэба знайсці патрэбныя словы, каб заклікаць іх да культуры і ўзаемапаразумення.

Але перш чым пачаць судовы працэс, суддзя паві- нен перагледзець пэўную нарматыўна-прававую базу, шэраг заканадаўчых актаў, азнаёміцца з доказамі бакоў. Ды і сама справа іншым разам складаецца з некалькіх тамоў. Вось і даводзіцца ахвяраваць сваім асабістым часам, інтарэсамі сям’і.

Місія суддзі складаная і адказная. І каб вырашыць, дзе паставіць коску ў выразе “Пакараць нельга памілаваць”, трэба быць сапраўдным прафесіяналам.

Ужо восем гадоў Вольга Браніславаўна стаіць на чале калектыву раённага суда, які складаецца, упэўнена старшыня, з сапраўдных прафесіяналаў. На першы погляд можа падацца, што спраў у супрацоўнікаў суда не так і многа. Аднак пры больш блізкім знаёмстве разумееш, што гэта далёка не так. Толькі за гэты год у судзе было разгледжана 78 крымінальных спраў, 325 — грамадзянскіх і 600 спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Штодзённая праца суда — гэта не толькі судовыя пасяджэнні, але і справаводства сакратароў судовых пасяджэнняў, супрацоўнікаў канцылярыі і кансультантаў.

—У нашым раёне створана трывалая судовая база, — кажа Вольга Пракопчык, — якую ў сваю чаргу заклалі суддзі Якаў Філонаў, Васіль Ерамянок, Мікалай Вашкель, Міраслава Скарына, Аляксандр Сучок, супрацоўнікі Валянціна Казлова, Тэрэза Кавалеўская і іншыя. І сёння кожны спецыяліст добрасумленна працуе на сваім участку дзейнасці. Асобна хочацца выказаць словы ўдзячнасці ў адрас вядучага спецыяліста суда Браслаўскага раёна Валянціны Чарняўскай.

Так штодзень Вольга Пракопчык апранае мантыю суддзі, каб чэсна служыць законнасці, стаяць на абароне законных правоў і інтарэсаў чалавека.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *