Пара пастаноўкі тэхнікі на захоўванне

Экономика и финансы

231120107У разгар сезонных палявых работ, калі здараюцца паломкі тэхнікі, кіраўнікі і інжынеры гаспадарак не сядзяць склаўшы рукі, а імкнуцца хутчэй адшукаць неабходныя дэталі, каб агрэгаты не прастойвалі ў полі. Калі ж прыходзіць позняя восень, а з ёй і пара пастаноўкі тэхнікі на захоўванне, асобных з іх быццам бы падмяняюць. Чыстка, мыццё, кансервацыя машын і агрэгатаў аддаецца на водкуп механізатарам ці ў лепшым выпадку даручаецца малодшаму тэхнічнаму персаналу.

Як прагназуюць сіноптыкі, у канцы наступнага тыдня пачнуцца замаразкі, і тады ўжо адмыць рабочыя органы глебаапрацоўчай тэхнікі стане праблематычна. Толькі вось як паказвае чарговы аб’езд шэрага гаспадарак, там не надта спяшаюцца ставіць тэхніку на захоўванне. А калі і паставілі, то з масай грубых парушэнняў патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў.

На гэтым тыдні мы наведалі машынныя двары ААТ ‘‘Альшанка”, ‘‘Мяжаны”, ‘‘Бярозавы край” і КУСП ‘‘Відзаўскі”. З усіх названых гаспадарак, мяркуючы па тым, што ўжо зроблена і як ішла работа ў дзень наведвання, менш за ўсё прэтэнзій было ў ‘‘Бярозавым краі”. Там і людзі працавалі, і агрэгаты на захоўванне ставіліся з мінімальнымі парушэннямі тэхналогіі. Увогуле, бачны сістэматычна накіраваны падыход да гэтага працэсу.

Ва ўсіх астатніх — прыкладна адзін і той жа малюнак. Збожжа і кормаўборачныя камбайны пастаўлены неачышчанымі, не закансерваваны паветразаборнікі, не аслаблены прывадныя рамяні, не змазаны ланцугі зубчатых прывадаў, не ва ўсіх да гэтага часу разгружаны колы. А ў ‘‘Відзаўскім” і ‘‘Альшанцы” кансерваваць прычапны інвентар, можна сказаць, яшчэ і не браліся.

Цяжка сказаць, пра што думаюць інжынеры, калі даюць дабро на разукамплектаванне камбайнаў і самаходных машын, якія яшчэ не выпрацавалі свой рэсурс і не падлягаюць спісанню. Такія ‘‘гульні” могуць скончыцца вялікімі непрыемнасцямі. І ў той жа час спісаная тэхніка чамусьці стаіць у любым месцы, толькі не на пляцоўцы для захоўвання металалому, з планам па здачы якога, дарэчы, не спраўляюцца.

Між іншым, згодна з рашэннем аблвыканкама, уся складаная тэхніка — як самаходныя машыны, трактары, так і прычапныя агрэгаты, якім не выйшаў тэрмін спісання, нават разукамплектаваныя, — павінна быць здадзена на спецыяльныя рамонтныя базы. Толькі кіраўнікі і інжынеры гэтае патрабаванне ігнаруюць. А трэба сказаць, што на пачатку будучага года ва ўсіх гаспадарках будзе праводзіцца дасканальная інвентарызацыя наяўнай тэхнікі з прыцягненнем сілавых структур і камітэта дзяржкантролю. Вось тады камусьці гэтае ігнараванне будзе надта дорага каштаваць.

Але ў першую чаргу кожнаму кіраўніку і інжынеру варта думаць не пра караючую руку правяраючых, а пра тое, што прыйдзе новы сезон палявых работ і ад таго, наколькі беражліва будзе пастаўлена тэхніка на захоўванне, настолькі паспяхова пройдуць пасяўная і ўборачная кампаніі. А часу на гэта застаецца мала.

Леанід ЗАЯЦ, начальнік інспекцыі дзяржтэхнагляду.

Аляксандр АЗЕВІЧ, карэспандэнт газеты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *