Што ў школе ядуць дзеці

Здоровье Калейдоскоп

09Падчас навучальнага года не менш, чым адзнакі ў дзённіках, бацькоў хвалюе, што ў школе ядуць іх дзеці. Наша газета таксама неаднаразова звярталася да гэтай тэмы. Вось і сёлета ўзроўнем падрыхтаванасці школьных сталовых мы пацікавіліся ў тэхнолага аддзела адукацыі, спорту і турызму Ніны Крылоўскай.

— Безумоўна, адным з галоўных накірункаў дзейнасці ўстаноў адукацыі з’яўляецца арганізацыя рацыянальнага харчавання дашкольнікаў і школьнікаў. На сённяшні дзень існуючая сістэма харчавання забяспечвае даступнасць паслуг для ўсіх навучэнцаў раёна, — кажа Ніна Міхайлаўна. — У гэтым навучальным годзе ахоп вучняў раёна гарачым харчаваннем складае 99,7 %. Фінансаванне ажыццяўляецца як за кошт бюджэтных сродкаў — 80 %, так і бацькоўскіх — 20 %. Цана абедаў залежыць ад узросту дзяцей і вагаецца ад 1,04 руб. у малодшых класах да 1,26 руб. у старэйшых.

Бясплатным харчаваннем сёлета забяспечаны 2 061 навучэнец. Гэта школьнікі сельскай мясцовасці, дзеці з малазабяспечаных і шматдзетных сямей, навучэнцы 1 — 4 класаў і тыя, хто жыве ў прышкольных інтэрнатах.

Выхаванцы ўстаноў дашкольнага навучання ахоплены трохразовым гарачым харчаваннем, а дзеці, якія наведваюць санаторную групу ў яслях-садзе № 1 — нават чатырохразовым. Кошт абеду дзетак ад года да двух каштуе 1,78 руб., ад трох да шасці — 2,26 рублёў.

Для забеспячэння харчблокаў устаноў адукацыі раёна прадуктамі без гандлёвай надбаўкі аддзел адукацыі, спорту і турызму заключыў прамыя дагаворы з пастаўшчыкамі прадуктаў.

Многія школы для змяншэння кошту харчавання, а таксама для яго разнастайнасці вырошчваюць бульбу і агародніну на прышкольных участках ці атрымліваюць бясплатную дапамогу ад шэфаў. Сёлета, напрыклад, для школьных сталовых закладзена 17,5 т бульбы, 11,3 т агародніны і 10,5 т яблыкаў.

За бюджэтныя сродкі для школ і дашкольных устаноў горада закуплена 29,8 т бульбы на суму 9 136,36 руб.

Вялікая ўвага надаецца мадэрнізацыі і перааснашчэнню аб’ектаў харчавання ўстаноў адукацыі. На пачатак навучальнага года на гэтыя мэты затрачана 7 680 руб. Праведзены касметычныя рамонты харчблокаў і абедзенных залаў на суму 10 050 руб.

Падбор кадраў — таксама немалаважны аспект у рабоце харчблока. Як заверыла Н. Крылоўская, усе повары маюць 4 або 3 разрад спецыяльнай кваліфікацыі, пастаянна праходзяць курсы.

Выкананне санітарных норм, правілаў і гігіенічных нарматываў, захаванне якасці прадукцыі ў школьных сталовых кантралюе раённая санітарная служба. Па выніках лабараторных даследаванняў парушэнняў і адхіленняў ад устаноўленых норм не выяўлена.

Безумоўна, залогам моцнага здароўя і паспяховай вучобы школьнікаў з’яўляецца правільнае харчаванне. І ўстановы адукацыі прыкладаюць усе намаганні, каб дзеці ўжывалі карысныя і смачныя стравы.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.