Зберажом зялёную елку

Акции, конкурсы, выступления Калейдоскоп

111 Цяжка сабе ўявіць навагоднія святы без зялёных прыгажунь у пакоі. Таму кожны год тысячы елак ссякаюцца і трапляюць на продаж. Аднак пасля свят іх чакае адзін шлях — на сметнік. Каб сфарміраваць у дзяцей беражлівыя адносіны да прыроды, пашырыць іх экалагічныя веды, а таксама развіць творчыя здольнасці, кожны год праводзіцца абласная культурна-экалагічная акцыя “Зберажом зялёную елку”.

У раёне яна праходзіла ў некалькі этапаў. На першым школьнікі вывучалі біялагічныя асаблівасці хвойных парод дрэў, даглядалі зялёныя насаджэнні, выдавалі лістоўкі і насценгазеты з 222практычнымі парадамі па захаванні лясоў, распрацоўвалі дызайн сучаснага экалагічнага афармлення дамоў і школ да навагодніх свят. І самае галоўнае, дзеці самі і ў гуртках па інтарэсах стваралі незвычайныя ёлкі з тых рэчаў, якія ў гаспадарцы не патрэбны. А потым свае незвычайныя і творчыя работы дасылалі ў цэнтр дзяцей і моладзі, дзе на другім этапе вопытнае журы выбірала лепшыя арт-ёлкі, якія потым адправяцца на заключны этап.

Такім чынам на раённую акцыю трапілі каля 40 самых цікавых ялінак з Відзаўскай, Слабодкаўскай, гарадскіх і іншых школ. Пакуль вырашалася, хто ж годны прадстаўляць раён у вобласці, незвычайныя ёлкі прапанавалі на суд гледачоў. Паглядзець тут сапраўды ёсць на што. Папера, тканіна, пенапласт, драўляныя рэшткі, апілкі, фольга, 333пластык, прыродныя матэрыялы і іншыя непатрэбныя рэчы пры дапамозе фантазіі ператварыліся ў прыгожыя і незвычайныя ялінкі, якія на навагоднія святы могуць дома замяніць жывыя дрэўцы. Праявілі сябе школьнікі і ў намінацыі на лепшую публікацыю. Яны выдавалі лістоўкі, буклеты, рабілі фотаматэрыялы з практычнымі парадамі па сучасным афармленні інтэр’ера да навагодніх свят.

Такім чынам, школьнікі не толькі чарговы раз праявілі свае творчыя здольнасці, але і пашырылі веды ў сферы экалагічнага выхавання.

Таццяна ПЯТУШКА.

Фота аўтара.