На дзвярах вісеў замок. З дома даносіўся плач дзяцей. Дзейнічаць трэба было хутка…

Калейдоскоп

1У міліцыі кожны на сваім працоўным месцы стараецца выконваць службовыя абавязкі бездакорна, бо ад гэтага залежыць спакой і бяспека грамадзян. Здараюцца ж у практыцы супрацоўнікаў праваахоўных органаў не зусім звычайныя выпадкі. Дзейнічаць у іх даводзіцца не столькі ў рамках закону, колькі па прынцыпах маралі.

Такі выпадак адбыўся нядаўна ў Відзаўскім сельсавеце. Суботнім вечарам рэйдавая група несла службу па ахове грамадскага парадку. Начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Анатоль Пабяржын, старшы оперупаўнаважаны групы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі Сяргей Сакалоў і ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Яўген Барадзін, як заўсёды, наведвалі грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку ў міліцыі.

Вырашылі завітаць у шматдзетную сям’ю, якая лічыцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і знаходзіцца на кантролі розных службаў. У хаце гарэла святло, аднак на дзвярах вісеў замок. Тым часам з дома даносіўся плач дзяцей. Пачуўшы рухі каля хаты, малыя пачалі выглядваць у вокны, крычаць, што ім страшна.

— Дзяцей трэба было супакойваць, бо яны вельмі напалохаліся. Давялося зламаць замок і такім чынам трапіць у хату. Якое ж было наша здзіўленне, калі насустрач нам выбеглі два хлопчыкі, якім не было і 7 гадоў. А ў ложачку плакала іх 6-месячная сястрычка. У хаце ўбачылі беспарадак, у адным з пакояў цеплілася печ, а каля яе былі раскіданы рэчы, — расказвае пра падзеі таго вечара Яўген Барадзін.

Дзейнічаць трэба было хутка. Анатоль Пабяржын тут жа адправіўся шукаць гора-бацькоў па вёсцы. Яўген Барадзін супакойваў хлопчыкаў, а Сяргей Сакалоў узяўся калыхаць на руках дзяўчынку. Перастаўшы плакаць, дзеці расказалі міліцыянерам, што бацькі пайшлі ўжо даўно, сказалі, быццам у лазню. Толькі прыкладна праз 40 мінут А. Пабяржын прывёз дадому дарослых. Бацька быў не зусім цвярозы, маці ж даказвала, што адлучылася толькі на 10 мінут.

Нягледзячы на работу, якая праводзіцца ў раёне з нядобранадзейнымі сем’ямі, усё ж здараюцца такія выпадкі. На шчасце, міліцыянеры былі побач і дапамаглі малым. Невядома, што магло здарыцца, калі б вартавыя парадку не завіталі ў гэту сям’ю.

Безумоўна, паводзіны бацькоў, якія пакінулі без нагляду зусім малых дзяцей, здзівілі міліцыянераў. З такім выпадкам малады спецыяліст Яўген Барадзін увогуле сутыкнуўся ўпершыню, нават яго больш вопытныя калегі не часта трапляюць у такія сітуацыі. Ды і любому чалавеку паводзіны гора-бацькоў засталіся б незразумелымі.

Маці ўжо выклікалі на камісію па справах непаўналетніх, на бацьку быў складзены пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне. Гэту сям’ю ўжо не раз пасля такога выпадку наведалі спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму і СПЦ. Хочацца спадзявацца, што бацькі зразумеюць свае памылкі, такі выпадак у іх больш не паўторыцца, не адбудзецца ён і ў іншых сем’ях…

■ Таццяна ПЯТУШКА.

Фота аўтара.