Другі год запар займае першае месца ў раённым спаборніцтве сярод маладых вадзіцеляў на адвозцы зерня

Деньги Люди

1Сёлетняя ўборачная кампанія ў працоўнай біяграфіі шафёра КУСП “Відзаўскі” Юрыя Каржанеўскага была трэцяй. Але нягледзячы на непрацяглы стаж работы, ён другі год запар займае першае месца ў раённым спаборніцтве сярод маладых вадзіцеляў на адвозцы зерня.

Яшчэ ў школьныя гады хлопец цвёрда вырашыў, што будзе жыць і працаваць толькі ў горадзе і не менш як у абласным ці сталіцы. Пасля заканчэння Відзаўскага каледжа, дзе атрымаў прафесію вадзіцеля, быў вымушаны на год адкласці сваю мару, бо гэты тэрмін трэба было адпрацаваць у сваёй гаспадарцы, якая накіравала яго на вучобу. Выхад на работу акурат супаў з пачаткам уборкі збожжавых, і Юрыя прызначылі памочнікам камбайнера. Па заканчэнні жніўнага прыпару перавялі працаваць вадзіцелем легкавога аўтамабіля.

— Як пакалясіў на легкавушцы па гаспадарцы і раёне, — прызнаваўся Юрый, — для сябе вырашыў, як у народзе кажуць, што ўжо і Бога за бараду ўзяў. Таму, як толькі закончыўся тэрмін адпрацоўкі, падаўся ў сталіцу.

У Мінску хлопец ўладкаваўся працаваць вадзіцелем МАЗа ў будаўнічую фірму. Не маючы вопыту работы на велікагрузным аўтамабілі, ды яшчэ ў цесным патоку машын асвойвацца было цяжка. Але паціху прывык, набыў пэўны вопыт кіравання ў гарадскіх умовах. А вось прывыкнуць да мітусні вялікага горада так і не змог.

— У рабочы час, — расказваў Ю. Каржанеўскі, — я адчуваў сябе нармальна. Там расслабляцца няма калі. Па вечарах жа не ведаў, куды сябе дзець. Быццам і месц для баўлення часу хапае, але ж не прывык я хадзіць у начныя клубы ці на дыскатэкі, ды і не мой гэта ўзровень. У дадатак проста не мог зразумець, як можна весяліцца, калі кругом незнаёмыя людзі. І засумаваў па доме.

Калі праз год фірма, дзе працаваў Юрый, закрылася, ён, не разважаючы доўга, падаўся ў родныя мясціны, да блізкіх яму людзей, сяброў, знаёмых.

Нягледзячы на былое “дэзерцірства”, дырэктар сельгаспрадпрыемства прапанаваў яму працаваць на МАЗе, які на той час стаяў без вадзіцеля.

Непрыкметна праляцелі два з паловай гады ў гаспадарцы, але хлопец не шкадуе, што вярнуўся назад. Зразумеў, што сталічнае жыццё не па ім.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.