Школьны краязнаўчы музей у Друйскай СШ

Калейдоскоп

1 Пачуццё патрыятызму не ўзнікае на голым месцы: любоў да Айчыны пачынаецца з цікавасці да гісторыі роднага краю і яго людзей.

У гэтай справе ў Друйскай сярэдняй школе вялікую ролю адыгрывае школьны краязнаўчы музей. Першы яго пакой пачаў дзейнічаць у 2002 годзе. Экспазіцыі ў ім размешчаны ў храналагічным парадку, пачынаючы з першабытнага строю і да пачатку 20 ст. І трэба адзначыць, што прадстаўленыя тут экспанаты здзіўляюць сваёй унікальнасцю.

Друйскі край вельмі багаты на гістарычную спадчыну, таму ў няўрымслівага дырэктара школы Васілія Мятлы з’явілася задума пашырыць музей і дапоўніць яго новым цікавым матэрыялам. Такія памкненні матэрыяльна падтрымаў ураджэнец Друі Юрый Васілеўскі, які выдзеліў на добрую 3справу значную суму грошай.

— Безумоўна, музей павінен адпавядаць сучасным патрабаванням, — кажа В. Мятла, — таму мы добра разумелі, што работа нас чакае грунтоўная і адказная.

Амаль два гады педагогі і вучні школы ўпарта шукалі і апрацоўвалі цікавыя рэчы, дакументы і звесткі. Шмат значных экспанатаў, разумеючы значнасць справы, перадалі ў дар музею адміністрацыі мясцовых устаноў і арганізацый, не засталіся ўбаку і самі друяне. Спецыяльную мэблю і стэлажы заказалі ў Полацку. Для паказу прэзентацый набылі вялікі плазменны тэлевізар. У выніку, дзякуючы ўмелым рукам работнікаў і педагогаў школы, вучэбны кабінет паступова набыў выгляд утульнага музея.

2І вось скарбніца гісторыі друйскага краю гасцінна адчыніла свае дзверы для наведвальнікаў. Уся экспазіцыя складаецца з некалькіх раздзелаў, якія з’яўляюцца працягам першага музея і адлюстроўваюць значныя старонкі гісторыі Друі і яе жыхароў. Тут можна даведацца пра адукацыю і ваенныя гады, развіццё сельскай гаспадаркі і чыгункі, пазнаёміцца з яўрэйскай культурай. Як адзначае В. Мятла, работа яшчэ не завершана і будзе працягвацца далей.

Аднак ужо сёння педагогі школы актыўна выкарыстоўваюць матэрыялы музея падчас заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў, што, несумненна, садзейнічае выхаванню свядомых грамадзян і патрыётаў свайго краю.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.