1

— Я першы раз удзельнічаў у конкурсе са сваім творам. І вось адразу першае месца!

Акции, конкурсы, выступления Калейдоскоп

1У сакавіку наступнага года беларуская міліцыя адзначыць сваё 100-годдзе. Рыхтавацца да векавога юбілею пачалі загадзя. І першым у чарзе мерапрыемстваў, прысвечаных круглай даце, стала правядзенне творчага конкурсу.

На працягу некалькіх месяцаў сотні малюнкаў, фотаздымкаў, музычных кампазіцый, плакатаў, літаратурна-мастацкіх твораў прыходзілі на адрас МУС. Канкурэнцыя была не жартоўная, выбраць лепшых было вельмі складана, бо кожная з 800 работ творча расказвала пра такія, на першы погляд, звычайныя працоўныя дні міліцыянераў. Не засталіся ў баку ад конкурсу і браслаўчане. Уладзімір Мажылоўскі, загадчык аддзялення для састарэлых і інвалідаў ТЦСАН, вядомы ў раёне і за яго межамі аўтар празаічных твораў, таксама даслаў на конкурс сваё апавяданне. А нядаўна ён атрымаў прыемную навіну. Яго гістарычны дэтэктыў “Ракавая памылка” быў прызнаны лепшым і заняў першае месца ў рэспубліцы.

Ідэя паўдзельнічаць у конкурсе з’явілася, як адзначае Уладзімір Мажылоўскі, выпадкова. Гартаў старонкі раённай газеты і ўбачыў інфармацыю пра конкурс да 100-годдзя міліцыі. Ды і намінацыя падыходзіла — лепшы літаратурна-мастацкі твор пра міліцыю ў прозе. Ён якраз піша ў жанры гістарычнага дэтэктыву. І на той час меў гатовае апавяданне “Ракавая памылка” — пра міліцэйскае расследаванне. Даслаў на конкурс і забыўся. А нядаўна патэлефанавалі, паведамілі, што перамог, і запрасілі на ўрачыстасць у Мінск.

— Сюжэт апавядання будуецца вакол прыдуманага мной пярсцёнка Соф’i Палеалог “Вока д’ябла”. Першы раз бачым пярсцёнак у 1533 годзе, пасля ён узнiкае ў васьмiдзясятых гадах дваццатага стагоддзя падчас забойства настаўнiцы. Гэтым злачынствам займаюцца героі апавядання “Ракавая памылка” капітан міліцыі Дуброўскі і яго напарнік лейтэнант Кармухін, — расказвае Уладзімір Мажылоўскі. Многія творы браслаўскага пісьменніка звязаны з дзейнасцю міліцыі. Уладзімір Барысавіч шмат чытае, добра ведае гісторыю, любіць супастаўляць падзеі і факты. А потым узгадвае які-небудзь з іх і прыдумвае сюжэт, абавязкова з маральным і душэўным падтэкстам. Гэта пры тым, што па адукацыі ён не гісторык і не філолаг, а настаўнік фізікі. Шмат гадоў У. Мажылоўскі адпрацаваў у беларускамоўнай школе, не раз дапамагаў вучням рыхтаваць творчыя работы на розныя конкурсы, а потым адчуў, што можа і сам напісаць твор. Сур’ёзна ж пачаў займацца пісьменніцтвам пасля 40 гадоў. Як прызнаецца, піша для душы вечарамі, бо шмат часу даводзіцца аддаваць рабоце. Цяпер у яго скарбонцы каля 30 твораў. Прыкладна 5 гадоў таму назад стаў друкавацца ў часопісах “Полымя” і “Маладосць” і сёння мае каля 25 выдадзеных у розны час твораў. Пры дапамозе часопіса “Маладосць” свет убачыла і ўласная кніга аўтара “Праклён мітрапаліта Феафіла”.

Нядаўна Уладзімір Барысавіч падчас урачыстага канцэрта ў Палацы культуры прафсаюзаў атрымаў сваю заслужаную ўзнагароду. Журы высока ацаніла яго гістарычны дэтэктыў. Дарэчы, апавяданне было адзіным з Віцебскай вобласці.

— Я першы раз удзельнічаў у конкурсе са сваім творам. І вось адразу першае месца, — дзеліцца ўражаннямі пераможца.

Будзем спадзявацца, для Уладзіміра Барысавіча яго першая перамога стане добрай нагодай для стварэння новых цікавых гістарычных апавяданняў. ■

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.