Юная рукадзельніца

Выставки Люди

55Заўсёды прыемна здзіўляюся таму, як многа ў нас у раёне таленавітых людзей. Прычым сярод іх як дарослыя, так і зусім юныя браслаўчане. Трэцякласніца Ксенія Кіслякова, вучаніца СШ № 1, таксама спрабуе сябе ў творчасці — яна стварае вырабы з шэрсці.

Ксюша добра вучыцца, шмат чытае. У жыццярадаснай і энергічнай дзяўчынкі ёсць нямала захапленняў: яна малюе, займаецца танцамі, іграе на фартэпіяна, спявае. Гаваркая і абаяльная, Ксюша з задавальненнем удзельнічае ў конкурсах і два гады таму назад нават стала “Міні-міс Браслава”. Але галоўнае яе захапленне — рукадзелле. Прыгожыя рэчы падабаюцца многім, а вось Ксюша іх стварае сама.

Пачынала дзяўчынка з вырабаў з дробнага бісеру. Аднойчы яна выпадкова зазірнула на агеньчык у цэнтр дзяцей і моладзі і вось ужо другі год займаецца ў гуртку “Шарсцінка”, які вядзе вядомая браслаўская майстрыха Эла Зінкевіч. Валенне з шэрсці патрабуе ад юнай рукадзельніцы нямала намаганняў, часу і цярпення. Не перашкодзіць і асцярожнасць, бо працаваць даводзіцца з вострай іголкай, трэба таксама старанна падбіраць колеры, вывяраць кожную дэталь. Шэрсць — мяккі і падатлівы матэрыял, таму ў Ксюшы атрымліваюцца рэчы самых розных памераў і формаў — мілыя і пацешныя звяркі, кветкі, сувеніры, ёсць нават школьны пенал. Іх набралася ўжо столькі, што класны кіраўнік Наталля Іванчык дапамагла дзяўчынцы аформіць у класе выставу яе вырабаў, якую па вартасці ацанілі не толькі настаўнікі і аднакласнікі, але і бацькі. Дарэчы, убачыўшы рэчы, зробленыя Ксюшай, дзяўчынкі-трэцякласніцы таксама зацікавіліся валеннем з шэрсці і цяпер наведваюць гурток. А юная рукадзельніца набіраецца вопыту, і ў яе руках нараджаюцца ўсё больш складаныя і цікавыя вырабы.

■ Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *