Прыемныя сюрпрызы ў гандлёвых кропках Браслава

Акции, конкурсы, выступления

akciiСкідка 15–20 % прапаноўвалася браслаўчанам пры набыцці непрамысловых тавараў — такім чынам наш раён падтрымаў акцыі “Адзіны дзень скідак” і “Ноч падарункаў”, якія прайшлі ў краіне напрыканцы лістапада ў гандлёвых кропках спажывецкай кааперацыі.

Так, напрыклад, ва ўнівермагу “Брас” скідкі распаўсюджваліся на абутак, адзенне, бялізну, посуд, цацкі і г. д. Як расказалі ў аддзеле абутку і трыкатажу, найбольшая колькасць пакупнікоў прыйшла падчас акцыі “Ноч падарункаў”, калі скідка складала 20 %.

— У параўнанні з выхаднымі, калі скідкі былі 15 %, людзей было значна больш. Многія мэтанакіравана прыходзілі за пакупкай, загадзя вызначаліся з неабходным таварам. Ужо ў 5 гадзін вечара, а менавіта з гэтага часу пачыналася акцыя, у нас былі першыя наведвальнікі і нават чэргі. Куплялі ў асноўным абутак, шкарпэткі, выбіралі трыкатажныя вырабы, — расказалі прадаўцы пра тое, як ішоў гандаль. — Трэба зазначыць, што людзей было шмат да самага заканчэння акцыі. Што тычыцца выручкі, то яна ў некалькі разоў перавышае суму ў звычайны дзень. Напрыклад, толькі абутку за некалькі гадзін атрымалася прадаць на 1 800 бел. рублёў.

Павелічэнне колькасці пакупнікоў адзначылі і ў іншых аддзелах. У прыватнасці, у дзіцячым. Людзі ў асноўным набывалі бялізну, цацкі і кніжкі. Карыстаўся попытам і посуд (талеркі, кубкі, сервізы) у адпаведным аддзеле. І сапраўды, чаму б не купіць тавары са скідкай, асабліва калі ёсць магчымасць?

Дарэчы, акцыі праходзілі не толькі ва ўнівермагу “Брас”. Былі задзейнічаны і іншыя гандлёвыя кропкі горада. Напрыклад, у мебельным магазіне падчас акцыі “Адзіны дзень скідак” людзі выбіралі наматраснікі, дзіцячую мэблю, а таксама шпалеры. Як азначаюць прадаўцы, менавіта за імі мэтанакіравана прыходзілі многія браслаўчане.

Між тым праведзеныя акцыі не апошнія ў бягучым годзе. Як паведамілі ў Браслаўскім райпа, у снежні браслаўчан чакаюць новыя прыемныя сюрпрызы ў гандлёвых кропках. Пры гэтым да акцый плануюць падключыць і жыхароў сельскай мясцовасці, дзе магазіны таксама будуць прадаваць непрамысловыя тавары па зніжаных цэнах.

■ Алена НАБЕЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *