ПРА ШТО ПІСАЛА “БРАСЛАЎСКАЯ ЗВЯЗДА” 25 гадоў таму назад (снежань 1991-га)

Калейдоскоп

0001ЗАЯВА КІРАЎНІКОЎ ДЗЯРЖАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ, РСФСР, УКРАІНЫ

Мы, кіраўнікі Рэспублікі Беларусь, РСФСР, Украіны, адзначаючы, што аб’ектыўны працэс выхаду рэспублік з саставу Саюза ССР… стаў рэальным фактам.., заяўляем аб утварэнні садружнасці незалежных дзяржаў, аб чым бакамі 8 снежня 1991 года падпісана пагадненне.

НАС ЧАКАЮЦЬ КУПОНЫ

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь у сувязі з увядзеннем у рэспубліцы купоннай сістэмы разлікаў за тавары ўстанавіў памеры выдачы грамадзянам купонаў. Працуючыя атрымаюць іх на суму, роўную 60 % даходаў, але не менш чым 150 руб. і не больш як на 2 500 руб. адзін раз у месяц.

ЦІШЭЙ ЕДЗЕШ — ДАЛЕЙ БУДЗЕШ

А вось жыхарам вёскі Дубраўка хутка наогул адаб’юць ахвоту ездзіць. Мала таго, што аўтобус міжнародны і цэны ў ім адпаведныя, дык і білеты пасажыры не заўсёды бачаць — іх проста не аддаюць. Яшчэ вадзіцелі аўтапарка нярэдка “забываюцца” заехаць у гэтую вёску, відаць, думаюць пра дубраўцаў: “Хай сядзяць дома, нечага ім бадзяцца па свеце”.

КАБ СВЕТ СТАЎ ДАБРЭЙШЫМ

Хоць учарашнія сёстры-рэспублікі сталі суверэннымі дзяржавамі і між імі вось-вось усталююцца сапраўдныя граніцы, не слабее дружба паміж беларускімі, латышскімі і літоўскімі школьнікамі. Ня- даўна яны сустрэліся ў сценах Земгальскай сярэдняй школы на конкурсе юных механізатараў і гароднінаводаў, дзе браслаўскія дзяўчаты занялі першае месца.

ЗДАТЧЫКІ МЯСА АТРЫМАЛІ АЎТАМАБІЛІ

З восені ў вобласці арганізаваны сустрэчны продаж легкавых аўтамабіляў лепшым здатчыкам мяса. У нашым раёне малады фермер з Альгердова Генадзь Шпак ужо катае сваю сям’ю на новенькім “Масквічы”, такую ж марку набыў і Браніслаў Яцына са Спрындаў, Сабіне Камінскай з Плюскага сельсавета дастаўся “Запарожац”. Рэкорд па здачы мяса ўстанавіў Іван Вялічка з Зарачча — 2 534 кг і, зразумела, таксама атрымаў “Масквіч”.

БАГАТЫ ВЫБАР НАСЕННЯ

У райцэнтры на тэрыторыі калгаснага рынку пачаў працаваць ларок па продажы насення. Выбар багаты: завезена насенне практычна ўсіх відаў гародніны, а таксама некалькіх сартоў кветак, шматгадовых траў. Аддзел раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі запэўнівае, што тава- ру хопіць усім, хто пажадае яго набыць.

ВЫРАСЦІЎ БУРАКІ — АТРЫ- МАЙ ЦУКАР

На працягу апошніх гадоў востра адчуваецца дэфіцыт цукру. Але ёсць выйсце з гэтай сітуацыі, і кожны пры жаданні мае магчымасць падсаладзіць сваё жыццё. Пара жыхарам раёна брацца за вырошчванне цукровых буракоў. Кожную іх тону заводы па вытворчасці цукру атаварваюць 80-цю кілаграмамі салодкага пяску, выключаючы грашовыя ўзаемаразлікі. Гэта значыць, буракі прымаюць бясплатна і цукар выдаецца таксама бясплатна.

БЕНЗІН — ПА НОРМЕ

Райвыканкам прыняў рашэнне “Аб упарадкаванні водпуску нафтапрадуктаў”. З 1 студзеня аўта і мотааматарам Браслаўскага раёна бензін будзе адпускацца ў адпаведнасці з наяўнымі фондамі, уладальнікам транзітных прыватных транспартных сродкаў — не больш за 10 л, грузавых — 30 л, а зарэгістраваныя ў прыбалтыйскіх рэспубліках транспартныя сродкі ўвогуле не заправяць.

ХОЦЬ ДОМА БЫЛІ ГАСПАДАРЫ

У ноч з 14 на 15 снежня невядомы злачынец залез на веранду аднаго з дамоў вёскі Богіна. І хоць гаспадары былі дома, злодзей здолеў украсці два свіныя кумпякі. Вядзецца пошук. Ну а міліцыя раіць людзям і самім быць больш пільнымі.

АБ’ЯВЫ

Запрашаем на работу. Браслаўскаму хлебазаводу патрабуюцца: электрык (зарплата — 530 руб.), прыбіральшчыцы (450 руб.), сталяр (480 руб.), грузчык (450 руб.). Да ведама паляўнічых. Браслаўская паляўнічая гаспадарка будзе прымаць футра дзікіх звяроў па наступных цэнах: лісіца — 220 руб., янот — 220 руб., куніца — 160 руб., шашок — 50 руб., выдра — 300 руб., воўк — 200 руб.

■ Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *