50_3_jpg_1467958194

Дзяржава садзейнічае ў забеспячэнні жыллём

Актуальное

50_3_jpg_1467958194Жыллёвае пытанне працягвае заставацца адным з найважнейшых у жыцці беларусаў. Пра гэта сведчаць вынікі сацыяльных апытанняў, згодна з якімі высокую значнасць уласных квадратных метраў адзначае амаль кожны чацвёрты рэспандэнт.

Дзяржава імкнецца садзейнічаць нам у справе забеспячэння жыллём: для гэтага працуе цэлая сістэма нарматыўна-прававых актаў, вядзецца маштабная ўліковая і фінансавая работа. Тым не менш тэмпы і аб’ёмы будаўніцтва жылых памяшканняў у апошні час запаволіліся, што звязана са складанымі эканамічнымі ўмовамі.

Як паведамілі ў аддзеле архітэктуры і будаўніцтва Браслаўскага райвыканкама, у 2011 — 2015 гг. у раёне было ўведзена ў эксплуатацыю 72 тыс. м² агульнай плошчы жылля, ці 14,4 тыс. м²/год у сярэднім. Сёлета тэмпы значна ніжэйшыя: па стане на 1 снежня ўведзена 5,5 тыс. м² пры заданні 8,2 тыс.

Браслаўчане па-ранейшаму аддаюць перавагу індывідуальнай забудове — 74 % ад пабудаванага прыходзіцца на долю аднакватэрных дамоў. Такая сітуацыя адпавядае агульнарэспубліканскім тэндэнцыям, згодна з якімі назіраецца ўстойлівае павышэнне інтарэсу забудоўшчыкаў да індывідуальнага будаўніцтва.

Нарошчваюцца аб’ёмы будаўніцтва кватэр для шматдзетных сямей і сацыяльнага карыстання. Так, калі за апошнія пяць гадоў першых пабудавана 35, то толькі ў бягучым годзе да здачы іх запланавана дзесяць.

Што тычыцца забеспячэння забудоўшчыкаў зямельнымі ўчасткамі, то тут таксама кіпіць работа. Адпаведныя службы падтрымліваюць пералікі ў актуальным стане, выяўляюць і афармляюць новыя пляцоўкі. Чаргі на атрыманне зямлі пад будаўніцтва няма.

У агульнай колькасці грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у Браслаўскім раёне гараджане складаюць 67 %. На ўліку стаяць 810 чалавек (542 жыхары райцэнтра і 268 — сельскіх населеных пунктаў).

Беларускія банкі прапаноўваюць розныя формы фінансавання будаўніцтва нерухомасці. Гэта можа быць ільготнае крэдытаванне, крэдытаванне на ўмовах саміх банкаўскіх устаноў, крэдыт на набыццё жыллёвых аблігацый, удзел у сістэме будаўнічых зберажэнняў.

Перспектывы ж развіцця дзяржаўнай жыллёвай палітыкі звязаны з далейшым яе удасканальваннем. Плануецца стварэнне такіх умоў, каб грамадзянін меў магчымасць самастойна вырашыць сваё жыллёвае пытанне за кошт уласных сродкаў і з выкарыстаннем падтрымкі з боку дзяржавы. Апошняя, дарэчы, будзе аказвацца з улікам рэальных магчымасцей бюджэту. Тыя, хто мае права на дзяржпадтрымку ў выглядзе льготных крэдытаў і субсідый, змогуць разлічваць на эканамічнае будаўніцтва і кантралюемыя цэны.

■ Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.