1

Дзеці рыхтуюцца да Новага года

Калейдоскоп

1Зусім мала часу застаецца да Новага года. І ўжо поўным ходам ідзе падрыхтоўка да, бадай, самага цудоўнага свята ў календары. Гарадскія вуліцы і будынкі ўпрыгожваюцца рознакаляровымі гірляндамі, на вокнах дамоў з’яўляюцца ажурныя выцінанкі. Але, напэўна, нідзе так не адчуваецца подых свята, як у дзіцячых садах.

— Да навагодніх ранішнікаў, — кажа намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 1 Сняжана Ляўчук, — падрыхтоўка ў нас пачынаецца з лістапада. Асобныя сцэнарыі для кожнай групы рыхтуе музычны кіраўнік, пры гэтым абавязкова ўлічвае ўзроставыя магчымасці дзяцей і пажаданні бацькоў.

Безумоўна, з кожным годам ствараць зімовую казку ўсё складаней, бо здзівіць сучасных дзяцей цяжка. Тым не менш крэатыўныя, таленавітыя і артыстычныя работнікі дашкольнай установы ўласнымі намаганнямі прыгожа афармляюць будынак і памяшканні сада, ладзяць чароўнае казачнае свята.

У тэатралізаваным прадстаўленні абавязкова задзейнічаны ўсе дзеці. Як і раней, адзначае С. Ляўчук, дзяўчаты пераапранаюцца ў прынцэс, сняжынак, усходніх прыгажунь, а хлопцы выбіраюць баявыя вобразы мушкецёраў і піратаў, добразычлівых гномаў. Вось толькі касцюмы сённяшніх герояў значна адрозніваюцца ад навагодніх убораў іх бацькоў, не кажучы ўжо пра касцюмы дзядуляў і бабуль.

Ды і на героях старых добрых казак ХХІ стагоддзе пакінула свой адбітак. Дзед Мароз тэлефануе па смартфоне, а Баба Яга прыходзіць на свята з флэшкай. Традыцыйныя вершы і песні, у тым ліку знакамітая “Елачка”, суседнічаюць з творамі сучасных аўтараў.

А вось светлая вера ў Дзеда Мароза жыве ў сэрцах і сучасных дзетак, яе шчыра падтрымліваюць выхавальнікі. Яны нагадваюць маленькім гарэзам пра бязмежныя магчымасці казачнага чараўніка, які ўважліва сочыць за іх паводзінамі і абавязкова прынясе ў навагоднюю ноч чаканы падарунак.

Зразумела, бацькі ў падрыхтоўцы да свята прымаюць самы актыўны ўдзел. Іх галаўны боль — утрапіць свайму чаду ў стварэнні касцюма. Творчыя маці дапамагаюць упрыгожваць групы. Таты на ранішніках выступаюць у ролі Дзеда Мароза. Прычым, адзначае Сняжана Рышардаўна, артысты настолькі ўжываюцца ў сваю ролю, што сын ці дачка падчас прадстаўлення не могуць пазнаць іх.

Цяпер малыя на занятках малююць святочныя паштоўкі, выазаюць упрыгожванні. Штодзень яны рэпеціруюць, пяюць, танцуюць і вельмі намагаюцца зрабіць усё правільна. Але саму навагоднюю казку дзеці ўбачаць толькі на ранішніку — галоўная інтрыга павінна захавацца.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.