144

Ала Гадзевіч старэйшына з Падрукшы

Люди Сельские будни

144Ціха і няспешна праходзіць жыццё ў маленькіх вёсачках. Моладзь пакідае бацькоўскі дом у пошуках лепшай долі. Вось і застаецца састарэлым жыхарам у адзіноце праводзіць свае аднастайныя дні. Таму вельмі важна, каб у такіх мястэчках жыў энергічны, неабыякавы чалавек. У Падрукшы гэта старэйшына вёскі Ала Гадзевіч.

Жыццелюбівых і дзейных людзей заўсёды бачна па месцы і рэчах, якія іх акружаюць. Утульныя прыгожыя пакоі ў доме Алы Янаўны навяваюць унутраны камфорт. Уражвае мноства разнастайных хатніх кветак — на падаконніках, падлозе, шафах. Такі своеасаблівы кветкавы рай, у якім ужо больш за два месяцы жыве матылёк, прынесены добрасардэчнай жанчынай з халоднай вуліцы.

Пяць гадоў выконвае Ала Гадзевіч абавязкі старэйшыны вёскі. Кола бягучых клопатаў на гэтай грамадскай пасадзе вельмі шырокае, і патрабуе яно нямала ўласнага часу, а іншым разам і перажыванняў.

— Праца гэтая бывае нервовая, як і любая іншая, звязаная з людзьмі, — прызнаецца жанчына. — Аднак стараюся да кожнага чалавека знайсці падыход, каб сумесна з ім вырашыць любое пытанне.

Безумоўна, з такімі абавязкамі на плячах адзін у полі не воін, таму старэйшына падтрымлівае цесную сувязь з Опсаўскім сельвыканкамам і мясцовым дэпутатам Антанінай Мікуцкай.

Найперш клопат і ўвага Алы Гадзевіч накіраваны на адзінокіх саста- рэлых. Заўсёды яна знойдзе час патэлефанаваць ім ці завітаць у госці, каб даведацца пра здароўе і патрэбы, павіншаваць са святамі, прывязе, калі просяць, з горада лякарствы, прыбяжыць замяніць электрапробкі, зарадзіць мабільны тэлефон. Не забудзе пацікавіцца пра паліва, абавязкова зверне ўвагу на стан печак.

Вёска старэе і пустуе, бядуе А. Гадзевіч, але работы па добраўпарадкаванні менш не становіцца. А схільнай да прыгажосці жанчыне так хочацца, каб усюды быў парадак. Кожны год вясной і восенню яна разам з дэпутатам і актыўнымі вяскоўцамі наводзіць парадак на могілках і ў агульнаграмадскіх месцах, іншаму гаспадару нагадае прыбраць каля ўласнай хаты, дапаможа ў гэтай справе адзінокім састарэлым.

Асаблівую трывогу ў Алы Янаўны выклікаюць аматары зазірнуць у шклянку. Бывае, не адзін раз на дзень забяжыць яна да іх, асабліва цяпер, у ацяпляльны сезон, каб праверыць і паўшчуваць.

За кожнага баліць душа ў нястомнага старэйшыны. І калі ў дамах ціха, гарыць святло, з трубы ідзе дымок, значыць, усё добра і Ала Гадзевіч спакойная за жыхароў сваёй вескі Падрукша.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.