ГАРАДСКАЯ ЭКАБОМБА

Акции, конкурсы, выступления

1На мінулым тыдні браслаўчане далучыліся да ўдзелу ў міжнароднай экалагічнай акцыі “Экабомба”. Ініцыятарам яе ў 2015 годзе выступіў жыхар далёкага Петразаводска Сяргей Чарняўскі. За 2 гады існавання гэтай акцыі ўдзел у ёй прынялі больш за 100 гарадоў Расіі, Украіны і Беларусі. З дапамогай акцыі людзі імкнуцца яшчэ раз акцэнтаваць увагу на праблемах экалогіі і забруджанасці паветра. Два разы ў год (вясной і восенню) на ўласных падворках і тэрыторыях прадпрыемстваў і ўстаноў яе ўдзельнікі высаджваюць саджанцы кедра, туі і лістоўніцы, бо менавіта яны выдзяляюць карысныя для арганізма фітанцыды.

Агульнымі намаганнямі браслаўчане высадзілі каля 300 саджанцаў гэтых парод дрэў, а таксама падарылі іх сельсаветам, дзіцячым садам і школам. Напрыклад, на тэрыторыі дзіцячага сада № 3 пасадзілі некалькі кедраў і туй. Таксама 15 кедраў знайшлі сваё месца ля дзіцячай пляцоўкі на беразе возера Бярэжжа. Хочацца спадзявацца, што пасаджаныя дрэўцы прыжывуцца і будуць радаваць усіх сваім ростам.

Ініцыятары акцыі браслаўчане Канстанцін і Яўгенія Далецкія запрашаюць і вясной 2017 года далучыцца да іх і сумесна зрабіць добрую справу!

■ Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.