ГАРОДНІНА І БУЛЬБА РАЗЫШЛІСЯ НА ЎРА

Калейдоскоп Новости

1Калі ў час раённага сельскагаспадарчага кірмашу ў Леснічоўцы выконваючая абавязкі старшыні праўлення райспажыўсаюза Людміла Бабенка паведаміла, што арганізацыя ў дзве наступныя суботы збіраецца правесці кірмашы на вуліцы Кастрычніка, падумаў, што гэта будзе толькі дарэмная трата часу і сродкаў. Як мне падавалася, усе, хто хацеў набыць на зіму бульбу і гародніну, зрабілі гэта. Але памыліўся.

Як толькі ў гэтую суботу на пляцоўку ля магазіна «Мэбля-Пінскдрэў» завярнуў МАЗ, прадаўцы расставілі вагі, тут жа ўтварылася чарга. На продаж каапнарыхтпрам прывёз па 5 тон бульбы і капусты, 700 кг морквы і буракоў, 500 кг цыбулі і 800 кг ячменю. Побач з аўталаўкі прадавалі мяса.

Зерне раскупілі адразу, як і на раённым кірмашы. Пастаянны попыт быў і на ўсю астатнюю прадукцыю. Да 12 гадзін амаль усё прывезенае распрадалі.

Па словах знаёмых браслаўчан, запасацца на зіму бульбай і гароднінай на вул. Кастрычніка спадручней, чым у Леснічоўцы.

У каго няма транспарту, пакупкі да бліжэйшых дамоў можна і данесці. А на аўтамашыне можна пад’ехаць прама да вагаў і загрузіць усё ў багажнік на месцы. А тых, хто не паспеў запасціся бульбай і гароднінай у мінулую суботу, райспажыўсаюз запрашае зрабіць гэта ў канцы тыдня, 29 кастрычніка. Цэны застаюцца ранейшымі.

■ Тэкст і фота Аляксандра АЗЕВІЧА.