Спартыўны лідар раёна змяніўся

Здоровье

1 З пачатку года ў Браслаўскім раёне з мэтай прыцягнення людзей да здаровага ладу жыцця і папулярызацыі спартыўнага руху прайшлі розныя фізкультурна-аздараўленчыя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы. Найбольш маштабныя з іх — спартакіяды сярод педагагічных работнікаў, прадстаўнікоў сацыяльнай і прамысловай сферы. Не застаюцца ў баку і жыхары сельскай мясцовасці. Так, у Браслаўскай ДЮСШ адбылася спартакіяда сярод каманд сельскіх саветаў.4

Для ўдзелу ў ёй прыехалі прадстаўнікі Слабодкаўскага, Ахрэмавецкага, Друеўскага, Відзаўскага, Опсаўскага і Далёкаўскага сельсаветаў. Зборныя ўключалі ў сябе прадстаўнікоў розных прафесій і ўзростаў. Пачаліся спаборніцтвы з узняцця Дзяржаўнага сцяга і выканання гімна Рэспублікі Беларусь.

Колькасць тых, хто сабраўся на спартакіяду, красамоўна сведчыла пра тое, што сельскія жыхары раёна актыўна займаюцца спортам. Пацвярджэннем гэтаму — выдатныя паказчыкі практычна па ўсіх відах заяўленых спаборніцтваў. Арганізатары прапанавалі паспрабаваць удзельнікам сілы ў настольным тэнісе, дартсе, міні-футболе, гіравым спорце і шматбор’і.

3Вынікі падводзіліся ў асабістым і камандным заліках. Для пераможцаў і прызёраў былі падрыхтаваныя дыпломы і кубкі. Іх уручаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкама Станіслаў Астаноўка.

У асабістым заліку ў настольным тэнісе лідарамі сталі Ігар Макяёнак і Наталля Камінская, у шматбор’і — Сяргей Скур’ят і Таццяна Якубянец, у дартсе — Дзмітрый Ванага і Аляксандра Крот, у гіравым спорце — Дзмітрый Карабань, у міні-футболе перамагла каманда Друеўскага сельсавета.2

Да апошняга моманту ў цырымоніі ўзнагароджання захоўвалася інтрыга: які сельсавет на гэты раз стане самым спартыўным? Некалькі гадоў запар ганаровае званне ўтрымлівалі відзаўчане. Аднак у гэтым годзе кубак пераможцы дастаўся камандзе Друеўскага сельсавета, другімі сталі жыхары Опсаўскага, а трэцімі — прадстаўнікі Видзаўскага.

■ Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.