Пра што пісала “БРАСЛАЎСКАЯ ЗВЯЗДА” 35 гадоў таму назад (кастрычнік 1981-га)

Калейдоскоп

img_2664КЛОПАТЫ ПРА САВЕЦКАГА ЧАЛАВЕКА

На ХХVІ з’ездзе КПСС з новай сілай прагучала праграмнае патрабаванне партыі — павышэнне дабрабыту савецкіх людзей. У выніку павялічваецца дзяржаўная дапамога сем’ям, якія маюць дзяцей, паляпшаецца пенсійнае забеспячэнне насельніцтва. У прыватнасці, для працуючых маці і жанчын, якія вучацца з адрывам ад вытворчасці, будзе ўведзены часткова аплачваемы водпуск да 1 года па доглядзе дзіцяці з аплатай 35 рублёў у месяц.

УРАДЖАЙ РАДУЕ

Не прапалі марна намаганні працаўнікоў калгаса імя Чарняхоўскага: багатым ураджаем радуюць плантацыі караняплодаў. Брыгадзір Серафіма Пушкарова не без задавальнення гаворыць, што трапляюцца буракі, якія важаць амаль пуд.

З УСПАМІНАЎ І РОЗДУМАЎ

Пасля чытання ўдзельнікамі пасяджэння ўласных твораў і адбору іх для літаратурнай старонкі паэт Павел Пруднікаў прапанаваў змяніць яе ранейшую назву “Маладзік” на больш адпаведную. Пасыпаліся прапановы: “Прыазер’е”, “Блакітная гладзь”, “Непаўторная прыгажосць”… Пагадзіліся на варыянце П. Пруднікава “Блакітны разліў”.

ЗА ЭКАНОМІЮ І БЕРАЖЛІВАСЦЬ

Пастанова ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР аб эканоміі і рацыянальным выкарыстанні матэрыяльных рэсурсаў абавязвае нас весці рашучую барацьбу з марнатраўствам. Але, як сведчаць вынікі праверак раённага камітэта народнага кантролю, на некаторых прадпрыемствах, у арганізацыях, калгасах і саўгасах у дзённы час гарыць электрасвятло, перарасходуецца дызельнае паліва. З гэтым мірыцца нельга.

У АДПАВЕДНАСЦІ З НОВЫМІ ЗАДАЧАМІ

Пастаянна расце прафесіянальнае майстэрства педагагічных кадраў раёна. Дзесяць настаўнікаў маюць званне заслужаных, трыццаць сем узнагароджаны знакам “Выдатнік народнай адукацыі”, а дзвюм настаўніцам — З. Кожар і М. Маханько прысвоена званне старшага настаўніка.

АРЫГІНАЛЬНЫ СВІНАЦЯЛЯТНІК

У Дварышчы ёсць дзіўнае жывёлагадоўчае памяшканне: цяжка вызначыць, цялятнік гэта ці свінарнік, бо разам з цялятамі там па-гаспадарску разгульваюць парасяты. А чаго здзіўляцца? Логіка простая: усе яны хатнія жывёліны. Навошта іх раздзяляць?

ПРЫГАЖЭЕ ВЁСКА

Сёлета вядуцца вялікія работы па добраўпарадкаванні Опсы. Пакладзены першы слой асфальтавага пакрыцця на галоўнай вуліцы вёскі. Цяпер ідзе ўкладка другога слою. На чарзе — устаноўка новых ліхтароў вулічнага асвятлення.

ВУСНЫ ЧАСОПІС

Пра ўзнікненне жыцця на Зямлі расказаў вусны атэістычны часопіс “Тайны нашай планеты”, падрыхтаваны і паказаны ў РДК работнікамі раённай бібліятэкі. Удзельнікі вечара азнаёміліся таксама са светавой газетай “Пра шкоду прыкмет”, выстаўкай атэістычнай літаратуры, паслухалі вершы, песні і частушкі на антырэлігійную тэму.

ПАСЛАННЕ ВАДЗІЦЕЛЯЎ

Дарожны знак для шафёра — што тая азбука для школьніка. Мы, вадзіцелі “ЛАЗаў”, “МАЗаў”, “КАМАЗаў”, “Жыгулёў” і іншых колавых, нядрэнна навучыліся чытаць гэтую азбуку. Ды вось бяда: на перакрыжаваннях і вуліцах нашага горада часам чытаць няма чаго.Таму і едзе кожны на свой лад. А гэта можа дрэнна скончыцца.

НА НОВЫМ АБСТАЛЯВАННІ

Абнаўляецца абсталяванне ў каўбасным цэху. Ужо зманціраваны гідраўлічны шпрыц для набіўкі каўбас, атрыманы з ГДР. Хутка ўступіць у строй вакуумны шпрыц чэхаславацкай вытворчасці. Наогул, амаль усё абсталяванне для цэха паставілі брацкія сацыялістычныя краіны.

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.