МАЙСТРЫ СТАЛЯРНАГА ЦЭХА

Люди

1Да чарговага асенне-зімовага сезона КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік” старанна рыхтавала не толькі вялікую цеплавую гаспадарку, якая стаіць на балансе прадпрыемства. Шмат сіл і сродкаў было затрачана і на ўцяпленне жылога фонду — пад’ездаў, падвалаў.

Каб да надыходу халадоў адрамантаваць, ушчыльніць уваходныя дзверы, вокны ў пад’ездах, падвалах, а дзе і замяніць цалкам на новыя, больш за месяц не змаўкалі дрэваапрацоўчыя станкі ў сталярным цэху “Браслаў-камунальніка”. Сталярамі-станочнікамі працуюць у ім разам больш за 10 гадоў сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы Савелій Ізотаў і Аляксей Кавалёнак.

Абодва ў 70-х гадах яшчэ савецкага часу атрымалі ў прафесіянальна-тэхнічным вучылішчы г. Даўгаўпілса спецыяльнасці сталяроў-цесляроў. Так і прайшлі па працоўным жыцці з адзінай, абранай у маладосці прафесіяй, з кожным годам адточваючы практычныя навыкі.

Майстар участка “Жылфонд” Аляксандр Пальчэўскі, які арганізуе і кантралюе штодзённую работу сталярнага цэха, адзначае высокую самаарганізацыю станочнікаў, іх прафесіяналізм і кемлівасць, бо часам, каб выканаць заяўку па рамонце, ніяк не абысціся без нестандартнага падыходу.

“Вельмі вопытныя спецыялісты, — няспешна разважае Аляксандр. — Удваіх выконваюць вялікі аб’ём заданняў. Іншым разам і хвілінкі вольнай у іх не бывае. Акрамя таго што сталярнічаюць на жылым фондзе, яшчэ і рамантуюць лаўкі на дваравых тэрыторыях, дзіцячыя пляцоўкі, выконваюць звязаны з драўнінай рамонт у грамадскай лазні, гасцініцы. Адных піламатэрыялаў для загатовак за мінулы месяц апрацавалі больш за 4,5 кубаметра. І над душой стаяць у іх ніколі не трэба, дастаткова толькі акрэсліць фронт работ, забяспечыць неабходным інструментам і матэрыялам — майстры сваімі спрактыкаванымі рукамі адмыслова зробяць усё, што трэба”.

■ Казімір ПЯТУШКА. Фота аўтара.