ВІНШАВАЛІ РАБОТНІКАЎ КУЛЬТУРЫ

Акции, конкурсы, выступления

7 Напрыканцы мінулага тыдня, 14 кастрычніка, у Браслаўскім РЦК адбыліся фотавыстава “Алея творчасці” і святочнае мерапрыемства “Суквецце талентаў”, арганізаваныя для работнікаў культуры ў гонар іх прафесійнага свята.

Фотаздымкі, якія прэзентавалі да пачатку ўрачыстасці розныя ўстановы культуры, яскрава сведчылі пра нястомную энергію і талент музыкантаў, бібліятэкараў, музейных работнікаў, харэографаў, калектываў мастацкай самадзейнасці і іх кіраўнікоў.

Гэта людзі, якія абралі сваёй прафесіяй далучаць да цудоўнага і захоўваць традыцыі. Яны штодзень раскрываюць здольнасці, прывіваюць эстэтычны густ, выхоўваюць духоўнасць і любоў да Радзімы. На гэта звяртала ўвагу ў сваім прывітальным звароце, адкрываючы свята “Суквецце талентаў”, старшыня райсавета Ніна Пучынская. Яна пажадала культработнікам моцнага здароўя, ажыццяўлення планаў і пачынанняў. Мабільнасць, крэатыўнасць і адказнасць творчай інтэлігенцыі Браслаўшчыны адзначыла і старшыня Віцебскай абласной 8арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Сабірава, якая прыехала на ўрачыстасць. Эстафету віншаванняў працягнула начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Антаніна Абалевіч. Яна адрасавала прысутным пажаданні натхнення і творчага запалу, а таксама падзякавала за самаадданасць і працавітасць у дасягненні новых вяршынь.

Гэтае святочнае мерапрыемства не абышлося без узнагароджвання. Шэраг творчых і ініцыятыўных культработнікаў за свой талент і майстэрства атрымалі ганаровыя граматы. Таксама падзячнымі лістамі адзначаны мецэнаты культуры, якія аказваюць дапамогу і падтрымліваюць творцаў у іх задумках.

5Асобна ўшаноўвалі спецыялістаў, якія сёлета сталі лаўрэатамі і пераможцамі раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў. Не абмінулі ўвагай і маладое папаўненне — творчую надзею Браслаўшчыны. Вітаць яго выйшаў заснавальнік горада Брас з княгіняй Дрывай. Словы ўдзячнасці падчас урачыстасці прагучалі ў адрас ветэранаў працы культуры.

6Віншаванні і ўзнагароджванні перамяжоўваліся з яскравымі канцэртнымі нумарамі. Абаяльныя вядучыя Святлана Сачыўка і Славамір Цітовіч, танцавальная пастаноўка ў выкананні калектыву “Такт” і выхаванцаў Браслаўскай ДШМ, вершаваныя і песенныя нумары ад мясцовых артыстаў, а таксама выступленні работнікаў культуры з Шаркаўшчыны стварылі цудоўную святочную атмасферу, падарылі прысутным добры настрой і зарадзілі творчай энергіяй да наступнага прафесійнага свята.

■ Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара

  • Ганаровай граматай Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў узнагароджана мастацкі кіраўнік народнага фальклорнага калектыву “Вярба” Дрысвяцкага СДК Тэрэза Гламбоцкая; ганаровымі граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага райвыканкама адзначаны навуковы супрацоўнік Браслаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Ілья Вашкель, балетмайстар Відзаўскага дома культуры Ірына Грыгор’ева, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі Галіна Драбовіч, дырэктар Іказненскага СДК Юлія Мядзведзь, настаўнік па класе фартэпіяна Браслаўскай ДШМ Таццяна Фярко.