Зноў падарункі ад “Сафіі”

Новости

Нядаўна Браслаўскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў наведалі прадстаўнікі міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Сафія” са Злучаных Штатаў Амерыкі — валанцёры Пол і Уэндзі Дотсаны, а таксама выканаўчы дырэктар МДГА “Сафія” ў Беларусі Сяргей Зубовіч.

Гэта ўжо другі візіт прадстаўнікоў дабрачыннага замежнага аб’яднання на Браслаўшчыну. У мінулым годзе каштоўныя падарункі атрымала аддзяленне кругласутачнага знаходжання ў Барунах.

Сёлета на спонсарскія сродкі МДГА “Сафія” для дома-інтэрната набыты прамысловая пральная машына, шматфункцыянальныя медыцынскія ложкі з матрацамі, бакавыя сценкі, стойкі і падвескі да ложкаў, супрацьпролежневыя матрацы і абсталяванне для кухні — усяго на суму 9 600 $ ЗША.

Госці цікавіліся, ці прыйшліся даспадобы іх падарункі, і былі вельмі задаволены, пачуўшы станоўчы адказ дырэктара Сяргея Аліхвера і супрацоўнікаў сацыяльнай установы. На памяць і ў знак сяброўства Сяргей Зубовіч наклеіў эмблему дабрачыннай арганізацыі на новую мэблю і абсталяванне.

Пол і Уэндзі адзначылі камфортныя ўмовы пражывання адзінокіх састарэлых, распыталі бабуль і дзядуляў пра іх здароўе, для кожнага знайшлі цёплыя словы пажадання ўсяго найлепшага. І не дзіва, што замежным гасцям спадабаўся дом-інтэрнат, бо ў гэтым годзе ён атрымаў першае месца ў рэспубліцы сярод аднатыпных сацыяльных устаноў.

Дотсаны першы раз у Беларусі, таму іх цікавіць усё ў нашай краіне. А паколькі амерыканская сям’я жыве ў штаце Юта, дзе вельмі спякотна і ў асноўным раўніны, то яны літаральна захапіліся нашай цудоўнай прыродай. Адзначылі госці таксама ветлівасць і гасціннасць беларусаў.

На развітанне дырэктар дома-інтэрната Сяргей Аліхвер шчыра падзякаваў за аказаную дапамогу і выказаў спадзяванні на далейшае супрацоўніцтва.

Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара.