УСТУПАЕМ У ЗІМОЎКУ

Деньги
1
Рамонтныя работы на МТФ «Казяны»

Перад кіраўнікамі, зоаветспецыялістамі і жывёлаводамі сельгаспрадпрыемстваў пастаўлена задача да 10 кастрычніка перавесці на зімовастойлавае ўтрыманне маладняк буйной рагатай жывёлы, а да 20 — дойны статак.

На мінулым тыдні паглядзець, як рыхтуюць да зімы жывёлагадоўчыя памяшканні ў ААТ «Новая Гвардыя», аўтар гэтых радкоў накіраваўся разам з намеснікам начальніка ўпраўлення райсельгасхарча Віктарам Казінцом.

— У цэлым па раёне, — расказваў па дарозе Віктар Іванавіч, — абстаноўка з рамонтам ферм асаблівай трывогі не выклікае. У большасці памяшканняў хоць сёння можна размяшчаць жывёлу. Праўда, зацягнулася рэканструкцыя цялятнікаў у Дубіна («Альшанка»), Вісятах («Браслаўскі») і Пеліканах («Бярозавы край»). Не прымае належных мер па рамонце трох цялятнікаў з бяспрывязным утрыманнем кіраўніцтва ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс».

У Казянах спачатку накіроўваемся на малочнатаварную ферму, якая ў час леташняй зімоўкі была перададзена ААТ «Агравідзы». Адразу кінулася ў вочы, што зніклі паўразбураныя тамбуры. Іх разабралі, а цэглай замасцілі пад’язную дарогу. У абодвух памяшканнях кіпела работа. Будаўнікі манціравалі транспарцёры гноевыдалення. Ва ўсіх падсобных памяшканнях ужо ўстаноўлены пластыкавыя дзверы, забетаніравана падлога. Адным словам, ферма кардынальна змяніла аблічча.

У ААТ «Новая Гвардыя» маладняк будзе зімаваць на дзвюх фермах у Казянах, дойны статак — у Баравых. Пасля таго, як год назад там усім раёнам да зімы рыхтавалі жывёлагадоўчыя памяшканні, выглядаюць яны яшчэ няблага. Вёўся і сёлета рамонт. Напрыклад, у Баравых пабудавалі дыхтоўны прафілакторый для нованароджаных цялят. У кароўніках жа яшчэ работы шмат, аднак, як ні дзіўна, ні на адной з ферм мы не ўбачылі ніводнага будаўніка.

У Казянах на адной з сянажных траншэй ветрам парвала бакавое плёначнае ўкрыццё, і корм пачаў гніць. Як мінімум 30 % яго ўжо сапсавалася.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ. Фота аўтара.