СПРАВАЗДАЧА ПЕРАД ДЭПУТАТАМІ

Главное

1Напрыканцы мінулага тыдня адбылася 19 чарговая сесія Ахрэмавецкага сельскага Савета дэпутатаў. На яе павестку было вынесена пытанне аб выкананні Закона Беларусі аб мясцовым кіраванні і самакіраванні на тэрыторыі Ахрэмавецкага сельсавета. У сесіі прыняла ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага райвыканкама Антаніна Абалевіч.

Са справаздачным дакладам перад дэпутатамі і старэйшынамі выступіла старшыня сельсавета Дзіяна Тарун. Яна паведаміла пра выкананне асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця сельскага Савета. Падрабязна Д. Тарун расказала пра мерапрыемствы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, навядзенні парадку на зямлі, рабоце па зносе лядашчых пабудоў, падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак. Асобная ўвага была ўдзелена зваротам грамадзян і юрыдычных асоб. Акцэнтавала ўвагу прысутных старшыня на мерапрыемствах па забеспячэнні пажарнай бяспекі на тэрыторыі сельсавета і прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў. У якасці судакладчыкаў выступілі ўчастковы інспектар Віталій Маслоўскі, дэпутаты сельсавета Анатоль Невярковіч і Ганна Скур’ят.

Пасля абмеркавання даклада Дзіяны Тарун дэпутаты прыйшлі да высновы, што работа сельсавета арганізавана ў адпаведнасці з патрабаваннямі Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”. Пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва і развіцця сельсавета вырашаюцца ва ўзаемадзеянні дэпутатаў з сельвыканкамам.

Падводзячы вынікі сесіі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Антаніна Абалевіч заўважыла, што нельга не адзначыць грунтоўную работу старшыні, яе цеснае супрацоўніцтва са старэйшынамі, дэпутатамі, адміністрацыяй мясцовых прадпрыемстваў і ўстаноў, і пажадала надалей плённа працаваць на дабрабыт жыхароў і паляпшэнне тэрыторыі сельсавета.

■ Алена НАБЕЕВА.

  • У 2016 годзе на добраўпарадкаванне тэрыторыі сельсавета запланавана выдаткаваць 12 380 рублёў. З іх на добраўпарадкаванне населеных пунктаў — 4 030 рублёў; на вулічнае асвятленне — 5 800 рублёў; на ўтрыманне і рамонт вуліц населеных пунктаў сельсавета — 3 000 рублёў.