АДКРЫВАЛА ДЗЕЦЯМ НАВАКОЛЬНЫ СВЕТ

Главное

1Бадай, у кожнага з нас на жыццёвым шляху сустракаліся людзі, якія не проста пакінулі значны след, а нават і паўплывалі на далейшы лёс. Вось і многія браслаўчане з любоўю і ўдзячнасцю ўзгадваюць настаўніцу СШ № 2 Алу Кісляк, якая больш за 40 гадоў працоўнага стажу шчодра дзялілася з вучнямі геаграфічнымі ведамі.

Цікавасць і бязмежная любоў да педагагічнай дзейнасці, падмацаваная сямейнымі традыцыямі, з’явілася ў Алы Іванаўны яшчэ ў дзяцінстве. Ёй падабалася гуляць з сябрамі “ў школу”, пісаць заданні на трафейнай грыфельнай дошцы, прывезенай бацькам-франтавіком. Падчас вучобы ўдзельнічала ў шматлікіх школьных мерапрыемствах, цудоўна спявала і танцавала, а таксама займалася туры- змам, краязнаўствам. Гэтыя захапленні і любоў да дзяцей прывялі яе на геаграфічны факультэт БДУ, які дзяўчына закончыла ў 1973 годзе. Працоўную дзейнасць яна пачынала ў Мёрскім раёне, затым некалькі гадоў настаўнічала ў Шаркаўшчыне, а з 1980-га звязала сваё жыццё з Браслаўшчынай. Пэўны час Ала Кісляк працавала інспектарам аддзела адукацыі і, па водгуках былых калег, была надзвычай граматным спецыялістам.

З 1993 года Ала Іванаўна пачала працаваць у СШ № 2, была нязменным кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання. Прычым не проста выкладала геаграфію, а дарыла дзецям радасць пазнання: выкарыстоўвала разнастайныя методыкі, праводзіла нестандартныя ўрокі-экскурсіі, гульні. Вучні любілі сваю настаўніцу і разумелі яе літаральна з паўслова.

Працавала Ала Кісляк шчыра, ад душы, таму, відаць, за што ні бралася — тое і атрымлівалася “на выдатна”. Настаўніца, поўная ідэй і планаў, паспявала ўсюды: выкладала геаграфію, вяла гурткі, ладзіла экскурсіі, удзельнічала ў конкурсах, дасылала ў часопісы метадычныя матэрыялы і нават стаяла ля вытокаў навукова-даследчага руху ў раёне.

Асобная тэма — гэта алімпіяды, падрыхтоўцы да якіх Ала Іванаўна аддавала шмат часу. Штогод яе выхаванцы станавіліся пераможцамі і прызёрамі ў раёне. Былі нават выпадкі, калі займалі 10 прызавых месц з 12 магчымых. У вобласці таксама не губляліся. Таму А. Кісляк давяралі падрыхтоўку вучнёўскіх каманд да рэспубліканскай алімпіяды. Прызнаннем яе педагагічнага майстэрства стала і запрашэнне весці заняткі на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў у Віцебску.

Кажуць, што той, хто працуе ў школе, працуе на будучыню. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да Алы Іванаўны. Больш за 50 яе выпускнікоў здавалі геаграфію пры паступленні на розныя спецыяльнасці, набраўшы па 70-80 балаў і вышэй. Асаблівы ж гонар настаўніцы — тыя вучні, якія па яе слядах пайшлі на геаграфічны факультэт. Такіх налічваецца нямала.

Шчыравала А. Кісляк і на духоўнай ніве: выкладала ў царкоўнай нядзельнай школе, арганізоўвала паездкі ў Жыровічы, Полацк, ладзіла са сваімі выхаванцамі канцэрты для насельнікаў дома-інтэрната, прыхаджан, вяла факультатыў “Асновы праваслаўнай культуры”.

Педагагічная дзейнасць Алы Іванаўны адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Настаўнік вышэйшай катэгорыі, яна з’яўляецца выдатнікам народнай асветы Беларусі, мае 2 ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі, неаднаразова ўзнагароджвалася ў вобласці і раёне. Але даражэй за ўсё — удзячнасць вучняў, якія разам з ёй пазнавалі навакольны свет.

■ Жанна БЯЛЬКО. Фота з асабістага архіва А. Кісляк