КАРЫСЦЬ МУДРАГА ДРУКАВАНАГА СЛОВА

Люди

pic_t_readers-mobile

Кніга для чалавека — заўсёды верны сябар і мудры настаўнік, які дорыць магчымасць дакрануцца да культурнай спадчыны стагоддзяў, дапамагае знайсці адказы на многія пытанні. І вельмі прыемна ўсведамляць, што ў сучасным грамадстве бібліятэкі не губляюць свайго значэння. Пра адносіны да мудрага друкаванага слова “Браслаўская звязда” спытала ў самых актыўных чытачоў.

img_8199-mobile

Антаніна Абалевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:

— Для мяне кніга — гэта ў першую чаргу падручнік жыцця, у якім увасобіўся сусветны во пыт соцень пакаленняў. Яна заўсёды была для мяне выратавальніцай у складаныя жыццёвыя перыяды. Кніга дапамагае вучыцца, лечыць душу, дае слушныя парады, выхоўвае густ, фарміруе погляды і характар. Таму задача старэйшага пакалення — прывіць дзецям любоў да друкаванага слова, бо многія творы могуць змяніць погляд на свет і на саміх сябе. Любіце кнігу — гэта сябар, які заўсёды пакажа дарогу да справядлівага і годнага жыцця.

img_8153-mobile

Пётр Сітнікаў, пенсіянер:

— Кніга для мяне — пуцяводная зорка, якая свеціць з ранняга дзяцінства. Яшчэ у пяць гадоў з задавальненнем акунуўся ў цудоўны літаратурны свет. Люблю гістарычную і ваенную прозу. Цаню ў творах дакладнасць і аўтарскую праўдзівасць. Кніга дазваляе наведаць шмат цікавых краін, пазнаёміцца з незвычайнымі героямі. Заўсёды з асаблівым пачуццём наведваю бібліятэку, дзе з прагнасцю ўдыхаю пах кніг, з пяшчотай гартаю старонкі новых выданняў, якія прапануюць уважлівыя супрацоўнікі. Чытаю шмат перыёдыкі, пастаянна выпісваю раёнку і іншыя газеты.

img_8189-mobile

Антон і Павел Лібікі, вучні 6 і 5 класаў гімназіі:

— Кнігі для нас з’яўляюцца сапраўдным членам сям’і. Мы нават адвялі ў доме для іх асобны пакой. Прычым колькасць кніг пастаянна павялічваецца, бо з кожнай паездкі мы прывозім кніжную ‘‘абноўку’’. А паколькі ўсіх кніг не купіш, нашым выратаваннем стала дзіцячая бібліятэка. Нас ніхто і ніколі не прымушаў чытаць. Любоў і ахвота да чытання з’явіліся самі па сабе. Зразумела, у гэтам ёсць і “віна” бацькоў, якія таксама шмат чытаюць. У бібліятэку мы запісаліся яшчэ з дзіцячага садзіка. Аддаём перавагу фантастыцы, кнігам пра магію і прыгоды, прыроду, асабліва пра птушак. У камп’ютар мы таксама гуляем, але гульні не маюць той цудоўнай сілы, як літаратурныя творы.

img_8160-mobile

Іван Станкевіч, кантралёр за тэхнічным станам транспарта райпа:

— Яшчэ ў школу не хадзіў, а ўжо запісаўся ў бібліятэку. З таго часу з кнігай не расстаюся і раз у тыдзень абавязкова наведваюся ў раённую бібліятэку, дзе добразычлівыя супрацоўнікі дапамогуць выбраць цікавы твор, прапануюць літаратурныя навінкі. Уласны жыццёвы вопыт дапаўняецца ведамі з мудрых кніг. Чытанне дапамагае мне расслабіцца, адпачыць ад паўсядзённай руціны. І замест сучасных фільмаў, перавагу аддаю кнігам, бо ў іх адкрываецца большая глыбіня, чым можна ўвасобіць на экране.

 

img_8174-mobile

Вольга Шчадрова, настаўніца матэматыкі СШ № 2 і яе сын Мацвей, першакласнік:

— Сама вырасла ў сям’і, дзе кнізе надавалі асаблівае значэнне. Таму і свайго сына з малых гадоў пачала знаёміць з цудоўным светам літаратуры. Мацвею было ўсяго тры гады, калі мы запісаліся ў раённую бібліятэку, якую па сённяшні дзень наведваем рэгулярна. Спачатку чытала яму сама, але хутка сын навучыўся рабіць гэта самастойна. І калі раней трэба было яго прымушаць сесці за кнігу, то цяпер з задавальненнем сам кожную вольную хвіліну садзіцца за чытанне. Безумоўна, гэта больш карысна і пазнавальна, чым гадзінамі гуляць у камп’ютар.

 

img_8186-mobile

Раіса Юркевіч, пенсіянерка, былая настаўніца рускай і беларускай мовы і літаратуры:

— Чытаць я пачала рана. І разам з героямі твораў падарожнічала, змагалася са злом, абараняла слабых. І да гэтага часу кніга для мяне — сябар, дарадца, цікавы і незвычайны свет. Чытаю кнігі розных жанраў. Часта звяртаюся да твораў У. Караткевіча. Люблю перачытваць яго раман “Каласы пад сярпом тваім” і лічу, што герой гэтага твора Алесь Загорскі — прыклад для моладзі любога часу. Дзякуючы выставам, якія арганізуюць супрацоўнікі бібліятэкі, перачытваю творы аўтараў-юбіляраў. Нашу раённую бібліятэку заўсёды наведваю з ахвотай, бо там утульна, а ветлівыя супрацоўнікі заўсёды дапамогуць выбраць цікавыя кнігі. Канешне, вялікая заслуга ў гэтым Вольгі Анатольеўны, якая змагла падабраць такі зладжаны калектыў сапраўдных прафесіяналаў.