ГОДНА ПРАДСТАВІЛІ РАЁН

Общество

2-mobile

У пачатку верасня ў в. Алашкі Шаркаўшчынскага раёна прайшоў традыцыйны абласны этап сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла — 2016”. На гэты раз 11 маладых сямей з розных куткоў Віцебшчыны сабраліся разам, каб прадэманстраваць самыя неабходныя таленты сапраўдных гаспадароў беларускай зямлі, а таксама пазмагацца за званне пераможцы і магчымасць прадставіць нашу вобласць у аналагічным рэспубліканскім конкурсе.

Штогод райкам БРСМ выбірае самую годную для ўдзелу ў конкурсе сям’ю. На гэты раз за званне “Уладар сяла” адправіліся змагацца Уладзімір і Марыя Анецькі з сямігадовым сынам Канстанцінам. Пераможца, як кажуць, павінен быць і шавец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Таму сямейным парам і іх дзецям неабходна было прадэманстраваць свае як творчыя, так і гаспадарчыя здольнасці.

У першым выпрабаванні “Вітаем па-беларуску” Уладзімір, Марыя і Косця арыгінальна, музычна і творча прадставілі сваю сям’ю, яе сцяг, дэвіз, сямейныя традыцыі, захапленні, любімы сумесны занятак і баўленне вольнага часу. Да таго ж сям’я выступала ў беларускіх нацыянальных касцюмах.

Аднак галоўныя выпрабаванні чакалі наперадзе, і былі яны самыя розныя. Канкурсанты распілоўвалі бервяно, калолі дровы, а потым складвалі іх. Гаспадар сям’і павінен быў хутка запрэгчы каня ў калёсы, а гаспадыня — распрэгчы. Дарэчы, у гэтым конкурсе журы адзначыла Марыю і тое, як хутка яна змагла справіцца са сваім заданнем. Гаспадар жа яшчэ паказваў свае здольнасці ў касьбе ручной касой. Далей сям’я павінна была беспамылкова рассартаваць ссыпаную разам буйную, сярэднюю і дробную бульбу. А пазней пачаставаць журы дранікамі з яе. Аднак не ўсё так проста ў гэтым выпрабаванні. Прыгатаваць традыцыйную беларускую страву трэба было старадаўнім спосабам: на драўлянай калодзе, якую запаліць было не так і лёгка. Такое новаўвядзенне праекта — своеасаблівая даніна павагі традыцыям продкаў, тым больш у Год культуры. Дарэчы, у гэтым годзе менавіта такая тэма стала галоўнай.

Завяршылася барацьба за званне “Уладар сяла” прэзентацыяй відэа- ролікаў “Лепшы сельскі падворак” і конкурсам “Выстава дасягненняў сямейнай гаспадаркі”. Сям’я Анець каў прадэманстравала свае магчымасці ў рабоце і вучобе, пахвалілася сямейнай творчасцю. А таксама пачаставала ўсіх лепшымі стравамі: гарачымі клёцкамі, юшкай з вогнішча, вэнджанай рыбай і салам. Журы высока ацаніла іх таленты і здольнасці.

Нашы канкурсанты сталі лідарамі ў некалькіх конкурсах. Другое месца яны занялі ў выставе дасягненняў сямейнай гаспадаркі, былі другімі ў конкурсе “Дранікі на калодзе”. У агульным заліку з 11 сямей Анецькі сталі пятымі. А “Уладарамі сяла” журы абрала сям’ю з Бешанковіцкага раёна.

20160902_105201-mobile