Непраўдзівы выклік — рэальнае пакаранне

Человек и закон

lzeminerТэлефоны экстраных службаў, такіх як МНС, хуткая дапамога, міліцыя, добра знаёмыя і дарослым, і дзецям. Быццам бы ўсе ведаюць, што тэлефанаваць туды трэба толькі ў выпадку бяды. Аднак кожны год на іх нумары паступаюць непраўдзівыя званкі. Часцей за ўсё выклікі “не па справе” рэгіструюцца ў Браслаўскім РАУС.

Пракаментаваў сітуацыю з непраўдзівымі званкамі намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Часлаў Угарэнка:

— Своечасовы выклік дазваляе прадухіліць правапарушэнне або аператыўна прыбыць на месца злачынства, адпаведна, павялічваюцца шанцы хутка яго раскрыць. Непраўдзівы званок перашкаджае аказанню дапамогі людзям, якія сапраўды трапілі ў бяду. Дзяжурная служба імгненна рэагуе на інфармацыю, што паступае, і на месца здарэння выязджае следчааператыўная група. У той момант, калі камусьці сапраўды патрэбна дапамога, супрацоўнікі вымушаныя адклікацца на пустыя званкі і правяраць ілжывую інфармацыю.

Напрыклад, п’яны мужчына паведаміў у РАУС пра тое, што з боку другой асобы ў дачыненні да яго былі здзейснены супрацьпраўныя дзеянні. Калі ж супрацоўнікі міліцыі прыехалі на месца здарэння аказалася, што гора-сабутэльнікі ўжо памірыліся і прэтэнзій адзін да аднаго не маюць. За такі званок грамадзянін атрымаў штраф у памеры 840 000 недэмінаваных рублёў.

На кожны выезд міліцыі па непраўдзівым выкліку затрачваюцца дзяржаўныя сродкі. Улічваюцца абставіны, час, транспарт, адлегласць, ці былі задзейнічаны іншыя службы. Адпаведна гэтаму выносіцца і пакаранне. Таму ва ўсіх 7 выпадках грамадзяне атрымалі штрафы ад 420 да 840 ты- сяч недэмінаваных рублёў.

Непраўдзівы выклік караецца па ўсёй строгасці закона. Пры выкліку спецслужбаў без прычын на тое, грамадзянін павінен быць гатовы да адміністрацыйнай адказнасці. Артыкул 17.6 “Наўмысна непраўдзівае паведамленне” Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафа ад 4 да 15 базавых велічынь, а ў выпадку паўторнага здзяйснення на працягу года — ад 20 да 50 БВ.

Калі ж чалавек вырашыў патэлефанаваць у міліцыю, то нагода павінна быць абгрунтаванай. У выпадку, калі той, хто тэлефанаваў, паведаміў аб парушэнні, а сам сышоў з месца выкліку да прыбыцця міліцыі, яго дзеянні могуць быць расцэненыя як непраўдзівы выклік — без прысутнасці відавочцы праваахоўнікі не могуць аб’ектыўна разгледзець сітуацыю. А высветліць нумар таго, хто тэлефануе і яго адрас сёння не складана.

Такім чынам, многія з тых, хто дарэмна набірае тэлефон “102”, у першую чаргу, павінны падумаць не толькі пра адказнасць, якая пагражае ім за непраўдзівы выклік, але і пра тое, што, магчыма, у той момант, калі да яго едзе нарад міліцыі, дзесьці здзяйсняецца рэальнае злачынства або людзям сапраўды патрэбна неадкладная дапамога.

З пачатку года ў РАУС зарэгістравана 7 непраўдзівых паведамленняў. Супрацоўнікі міліцыі выязджалі па кожным з іх і толькі на месцы высвятлялі, што выклік несапраўдны. Тры разы такія званкі паступалі ад браслаўчан, 2 — ад жыхароў Відзаўскага і па адным — з Опсаўскага і Плюскага сельсаветаў. Часцей за ўсё тэлефанавалі грамадзяне 35-68 гадоў, усе яны былі ў стане алкагольнага ап’янення, у 80% выпадкаў паведамленні датычыліся скандалаў, якія да прыезду міліцыі вырашаліся.

■ Таццяна ПЯТУШКА.