Яблычны фэст у аграгарадку Богіна

Акции, конкурсы, выступления В свободное время

1У аграгарадку Богіна адзначылі свята яблыка. Ідэя яго правядзення ўзнікла не выпадкова. Тут амаль ля кожнага дома высаджаны яблыні, якія вясной радуюць сваім цвіценнем, а напрыканцы лета і восенню — ураджаем.

На мерапрыемства сабралася шмат жыхароў і гасцей населенага пункта. І гэта не дзіўна, бо яблычны фэст ужо стаў брэндам гэтага маляўнічага месца. Па словах загадчыцы Богінскага сельскага клуба Ірына Ванага, мясцовыя жыхары з нецярпеннем чакаюць свята. Яны рыхтуюцца да яго і з задавальненнем удзельнічаюць. Гэта было бачна.

Так, на імправізаваным богінскім падвор’і гаспадыні частавалі стравамі з яблык і з ахвотай дзяліліся сакрэтамі іх прыгатавання. Побач з імі знаходзілася выстава, дзе галоўнымі экспанатамі сталі разнастайныя сувеніры, зробленыя, вядома ж, з яблык. Асобна была выдзелена пляцоўка для гульняў. На ёй жадаючыя маглі пагуляць у баскетбол ці більярд, дзе замест мячоў былі яблыкі. І трэба зазначыць, што такія спаборніцтвы выклікалі непадробную цікаўнасць у прысутных.

Аднак якое ж свята без песень і танцаў! Перад жыхарамі і гасцямі аграгарадка прыехалі выступіць артысты Браслаўскага раённага цэнтра культуры. Яны падрыхтавалі забаўляльную праграму з песнямі, танцамі і конкурсамі. Трэбы было бачыць, як умеюць весяліцца богінскія жыхары. Яны з задавальненнем ігралі, падпявалі і танцавалі.

Стравы і вырабы з яблыка, забаўныя народныя гульні, песні і танцы — свята ў Богіна прайшло весела, цікава і надоўга запомніцца яго ўдзельнікам.

■ Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.