ЦІ ЁСЦЬ НАМ ШТО ПАКАЗАЦЬ?

В свободное время Калейдоскоп Общество

Тое, што Браслаўшчына — край унікальны — даўно вядомы і ўжо неаспрэчны факт. Але ў чым яе адметнасць? Што мы гатовы прапанаваць турыстам, цікаўным людзям у якасці славутасцей, чым можам ганарыцца і казаць “гэта ёсць толькі ў нас, такога вы больш нідзе не ўбачыце”. Такія пытанні “Браслаўская звязда” адрасавала сваім рэспандэнтам.

3Аляксандр Панцялейка, супрацоўнік ЦРБ, краязнаўца:

— Старая Друя — гэта тая частка Браслаўшчыны, што заслугоўвае асобнай увагі. Тут вельмі шмат помнікаў з глыбокай гісторыяй. Хай сабе яны звонку выглядаюць не вельмі прывабнымі, але гэта той самы выпадак, калі ўся вартасць унутры. Для людзей, якія цікавяцца гісторыяй, для турыстаў, у першую чаргу з Расіі і Польшчы, амаль кожны аб’ект прадстаўляе вялізную вартасць. Друя ўнікальная сваёй шматнацыянальнасцю, перакрыжаваннем культур, кожная народнасць пакінула тут свой адбітак. Гэта самае цікавае месца з пункту гледжання архітэктуры. Калі правесці своеасаблівае архітэктурнае ранжыраванне, то Друя, безумоўна, будзе на першым месцы і ўжо затым Відзы, Браслаў. Друеўская сінагога, Барысаў камень, вуліца Друянава — гэта ж проста супер. Адзінае, што такія славутасці для людзей падрыхтаваных ці тых, хто цікавіцца гісторыяй. У былыя часы экскурсіі па вулачках Друі прыводзілі ў захапленне гасцей Браслаўшчыны.

Юлія Паўлоўская, начальнік аддзела турызму нацыянальнага парка “Браслаўскія IMG_7934азёры”:

— У абмежаваны прамежак часу, напрыклад за дзень-два, перш за ўсё я б прэзентавала нашу прыроду. Чым па-сапраўднаму багата Браслаўшчына — азёры. Гэта, безумоўна, Паўднёвы і Паўночны Воласа, дзе бачнасць у празрыстай вадзе дасягае 8 метраў. Гара Маяк застаецца адным з запатрабаваных месц: жадаючых палюбавацца прыгажосцю краявідаў з вышыні з году ў год не змяншаецца, таму гэтую кропку таксама не абмінула б, як і Слабодку з яе касцёлам і Озавай градой. Можна прапанаваць наведаць сафары парк па бабрах ці назіранне за дзікімі жывёламі. Гэта будзе цікава гараджанам, бо многія не бачылі іх ужывую. Незабыўнай, на мой погляд, стане прагулка на катары па акваторыі азёр Струста і Снуды. Абавязкова гасцей пазнаёміла б з базамі адпачынку Ляошкі і Золава, якія вылучаюцца выключнай беларускай кухняй, а ў горадзе адвяла б на Замкавую гару і ў музей традыцыйнай культуры.

1Віктар Бунта, настаўнік, краязнаўца:

— Акрамя архітэктурных помнікаў, на Браслаўшчыне можна прапанаваць цэлы шэраг маршрутаў для аматараў актыўнага і нават экстрэмальнага турызму. У першую чаргу гэта, безумоўна, велапаходы вакол азёр, па найбольш прыгожых касцёлах і цэрквах, гістарычных месцах. Здаўна Браслаўская група азёр папулярная сярод аматараў воднага турызму. Але, як паказвае мой асабісты досвед, не менш цікавымі могуць быць і маршруты па нашых рэках — Дрысвятцы, Друйцы. Па Друйцы раней увогуле праводзіліся чэмпіянаты па тэхніцы воднага турызму. Тым, каму больш даспадобы пешыя вандроўкі, ацэняць маршруты да глухіх лясных азёр, дзе можна прайсці азёрнымі сцежкамі, пераадолець рэчку па бабрынай плаціне, папіць гарбаты з духмяным верасам або малінай, сабраных тут жа.

Таццяна Навіцкая, супрацоўнік ТЦСАН:4

— Як бы гэта банальна не гучала, але на Браслаўшчыну едуць, каб паглядзець на прыгажосць беларускай прыроды. Хараство нашых азёр і лясоў заварожвае турыстаў з мегаполісаў. Таму, безумоўна, паказала б возера Воласа. Думаю, цяжка застацца раўнадушным, калі, як на далоні, аказваецца падводны свет. Па-за канкурэнцыяй Слабодка: Гара Мілосці, Божае вока. Усім раю пазнавальную вандроўку па Храмавым коле Браслаўскага паазер’я. Нашы мясцовыя цэрквы і касцёлы заслугоўваюць большай увагі, чым здаецца. Гэта далёка не поўны пералік таго, чым можна зацікавіць турыстаў, проста мае асацыяцыі так склаліся. А калі падумаць, то мы багатыя на славутасці і сапраўды можам ганарыцца сваім краем.

Ілья Дзянісаў, індывідуальны прадпрымальнік:

2— Калі б мне прыйшлося паказваць славутасці Браслаўшчыны турыстам, то адназначна не павёз бы іх на гару Маяк, бо гэта ўжо заезджаны маршрут. Найбольш цікавымі падаюцца мясціны ў двух напрамках: Слабодкаўскі — Слабодка, касцёл, Божае вока, Данькі, “Грын клаб” і Опсаўскі — сядзіба Плятараў, Мілюнцы, ГЭС, Відзаўскі касцёл. Калі ў самім Браславе, то ўсё ж такі прапанаваў наведаць Замкавую гару, пахадзіць па забудове Клоса, зазірнуць у музей традыцыйнай культуры і прагуляцца ўздоўж возера Дрывяты. Увогуле ўсім раю вандраваць на веласіпедах: так больш пабачыш і здаравей.

P. S . Адпачынакна Браслаўшчыне, як бачна, можа быць разнастайным — і аздараўленчым, і захапляльным, і пазнавальным. Ды і славутасцей, якімі можна здзівіць і пахваліцца, аказваецца, хапае. ■