ПАМЯЦЬ ПРА СВЯТАРА ЖЫВЕ

Люди
1
Фота з архіву касцёла

Ксёндз Часлаў Вільчынскі — адметная постаць у гісторыі браслаўскага касцёла “Нараджэння Маці Божай”. Тут ён служыў Богу і людзям 19 гадоў, разам з парафіяй адстойваў у гады атэізму мясцовую святыню, вучыў людзей любові да Бога і бліжняга, клапаціўся пра духоўны свет вернікаў. 24 жніўня спаўняецца 30 гадоў як святар адышоў у вечнасць, але памяць пра яго жыве і сёння.

У архіве касцёла захаваны асабістыя фотаальбомы і шматлікія дакументы Часлава Вільчынскага. Па старых чорна-белых здымках розных гадоў можна прасачыць яго шлях ад рабочага да семінарыста, дыякана, потым — святара і пробашча. У Браслаўскім касцёле ён быў святаром з 1 жніўня 1967 года. Гэта быў складаны час для вернікаў. Тым не менш, нягледзячы на ўсе цяжкасці, людзі хадзілі ў касцёл на святыя імшы, даходзілі да споведзі, хрысцілі дзяцей і вянчаліся.

Пра гэта сведчаць шматлікія заявы людзей з просьбамі аб хрышчэнні, спісы прыняўшых сакрамэнт першай камуніі.

Сярод фатаграфій нельга не звярнуць увагу на здымкі груп дзяцей, знятых у дзень гэтай важнай падзеі. На кожным — больш за сотню. А былі гады, калі да першай камуніі даходзілі па паўтысячы дзяцей. Ксёндз Часлаў быў духаўніком практычна для католікаў з усяго раёна. Па нядзелях і святах яны прыязджалі ў Браслаў і, нягледзячы на забароны, прывозілі з сабой маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Сярод архіўных дакументаў знаходзім і першае казанне ксяндза, у якім ён звяртаецца да прысутных і выказвае надзею на добрыя ўзаемаадносіны. Атрымаць давер браслаўчан і служыць у касцёле да самага канца — асноўны лейтматыў таго звароту.

Гэтае жаданне спраўдзілася. Людзі паважалі свайго святара, цанілі яго парады і адстойвалі перад уладай. І праз трыццаць год успамінаюць толькі добрымі словамі. Па ўспамінах вернікаў ксёндз Часлаў меў дар зразумець і падтрымаць кожнага, умеў запаліць у сэрцах іскрынку любові і павагі, вучыў дабру. “Нельга ніколі паспешліва прымаць рашэнні”, — такую параду часта даваў ён людзям.

На пахаванне пробашча касцёла “Нараджэння Маці Божай” сабралася шмат вернікаў, прыехалі больш за 80 святароў. Пахавалі Часлава Вільчынскага ля Браслаўскага касцёла. На яго магіле заўсёды ёсць кветкі. Парафія і праз гады памятае свайго святара.

■ Алена НАБЕЕВА.