Пра што пісала “БРАСЛАЎСКАЯ ЗВЯЗДА” 45 гадоў таму назад (жнівень 1971-га)

Калейдоскоп

ЛоготипДОБРЫЯ НАМАЛОТЫ

Выкарыстоўваючы сухое надвор’е, механізатары калгаса “Гвардыя” аднымі з першых у раёне прыступілі да ўборкі збожжавых. Намалоты пшаніцы ў гаспадарцы небывалыя — у сярэднім па 20 ц з гектара.

ЁСЦЬ ТАКІ ГАРАДОК

Раней тут была пустэча. А як толькі будаўнікі сталі ўзводзіць торфабрыкетны завод, закіпела работа і на гэтай пляцоўцы. Спачатку ўзвялі адзін 16-кватэрны дом, потым другі, трэці, пабудавалі гандлёвы цэнтр і адкрылі дзіцячы сад. І вось вырас цэлы гарадок.

УРАЧЫСТЫ ВЕЧАР АЎТАМАБІЛІСТАЎ

У нядзельны вечар гаспадарамі Замкавай гары сталі работнікі аўтабазы № 18. Падчас свята, прысвечанага Дню транспартніка, быў зачытаны загад аб прысваенні звання “Лепшы шафёр” І. Рымовічу, В. Свідзінскаму, М. Запрудніку і І. Юхневічу з уручэннем ім пераходных чырвоных вымпелаў.

НЯМА ПАРАДКУ Ў ПАРУШАЛЬНІКАЎ РАСПАРАДКУ

Спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама правялі праверку распарадку дня пашавага ўтрымання кароў у гаспадарках раёна. Аказваецца, з-за яго парушэння ў калгасах імя Дзяржынскага, “Партызан”, “Гігант”, імя Заслонава, “Беларусь” сярэднясутачныя надоі на карову складаюць 6,5 — 7 кг, а ў калгасе “Дружба” нават 5,4 кг.

ДЛЯ ГЕРАІЧНАГА В’ЕТНАМА

Цэнтральны Камітэт ВЛКСМ звярнуўся да школьнікаў і піянераў краіны з заклікам сабраць па 5 кг лекавых траў для шпіталяў гераічнага В’етнама. Калектыў Друйскай пасялковай аптэкі таксама ўнёс свой уклад у гэтую справу і ўжо нарыхтаваў 16 кг лекавых раслін.

ЗНОЙДЗЕШ НЕ НА ЎСЯКАЙ КАРЦЕ

Невялікі Браслаў ведаюць далёка за межамі Беларусі, а турысты грунтоўна засяляюць раён. Наплыў мнагатысячнай масы адпачываючых адбіваецца на забеспячэнні харчаваннем раённага цэнтра, не разлічаным на такую колькасць людзей, і нават на псіхалогіі калгаснікаў. Многія з іх перабудавалі сваю падсобную гаспадарку на абслугоўванне турыстаў, атрымліваюць ад гэтага выгаду.

ПЕРАД ПЕРШЫМ ЗВАНКОМ

Сёлета ў раёне будуць працаваць 12 сярэдніх, 29 васьмігадовых і 69 пачатковых школ. Першага верасня за парты сядуць прыкладна 8200 вучняў. Вучыць і выхоўваць дзяцей будуць каля 260 педагогаў з вышэйшай, 134 — з незакончанай вышэйшай і 210 — з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

У АДМІНІСТРАЦЫЙНАЙ КАМІСІІ РАЙВЫКАНКАМА

Работнікі ДЭУ-142, нягледзячы на неаднаразовыя папярэджанні, не вядуць ніякай барацьбы з пустазеллем. Участкі прыдарожных палос на мясцовых дарогах своечасова не абкошваюцца і нават засмечваюць пасевы і лугі. За парушэнне Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР “Аб узмацненні барацьбы з пустазеллем” начальнік арганізацыі аштрафаваны на 20 рублёў.

ЗВЯРТАЙЦЕСЯ ДА “СЛУПА ДАВЕДАК”

Калі ў браслаўчан узнікне неабходнасць штосьці купіць або абмяняць, не трэба дарэмна шукаць дошку для аб’яў. Дзе прадаецца карова, хто збывае казу, прадае ці мяняе дом — усё гэта можна прачытаць на маленькіх абрыўках паперы, наклееных у вялікай колькасці на слупе ля будынка аўтастанцыі і некаторых іншых. У другіх гарадах слупы служаць для сувязі, а ў нас ператварыліся ў “слупы даведак”.

У КІНАЗАЛЕ — ВУЧНІ

Няма большых прыхільнікаў кіно, чым дзеці. Асабліва ўзрастае ў кінатэа- тры іх колькасць у час летніх канікулаў. Сёлета за тры месяцы ў раёне пастаўлена 523 дзіцячыя сеансы, на якіх пабывалі больш як 25 тысяч юных гледачоў.

У ДАПАМОГУ РАХУНКОВЫМ РАБОТНІКАМ

У Браславе створана машынна-вылічальная станцыя. У двух па- коях стаяць яшчэ закрытыя белым пакрывалам электронныя, бухгалтарскія фактурныя і суміруючыя машыны. Хутка сюды прыедуць наладчыкі, і тады ўся гэтая складаная тэхніка прыдзе на дапамогу рахунковым работнікам.

ПАСЕКА Ў ЛЕСЕ

Сёлета Браслаўскі лясгас прывёз з Кубані 100 маладых пчаласем’яў. Іх размясцілі ва ўрочышчы Пляўшкеты, і пчолы тут добра акліматызаваліся.

■ Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.