ПАДТРЫМЛІВАЦЬ УРАДЖАЙНАСЦЬ ДАПАМАГАЕ СЕВАЗВАРОТ

Экономика и финансы
1
Камбайнер Анатоль Савіцкі

З пачатку сёлетняга жніва хлебаробы ААТ «Слабодка-агра» па ўраджайнасці збожжавых культур упэўнена займаюць другое месца ў раёне. У сярэднім з кожнага гектара тут збіраюць па 28-32 цэнтнеры зерня. Пра асаблівасць уборачнай кампаніі, віды на далейшы ўраджай карэспандэнт газеты Аляксандр Азевіч вёў размову з галоўным аграномам сельгаспрадпрыемства Пятром Карандзеем.

— Пётр Іванавіч, нягледзячы на тое, што мы знаходзімся на жытнёвым полі, размову хочацца пачаць з уборкі азімага рапсу. Вясной вы разам з кіраўніком доўга вагаліся: заворваць яго ці пакінуць. Штосьці ўсё ж намалацілі?

— Сапраўды, была такая сітуацыя. З зімоўкі рапс выйшаў, можна сказаць, ані які. Пасля дасканалай рэ- візіі пасеваў 85 га яго зааралі і перасеялі яравым, 155 — пакінулі. І не прагадалі. Са зрэджаных палеткаў намалацілі больш за 100 тон, пры ўраджайнасці ў 7 ц з га. Але і пры такім намалоце мы здолелі разлічыцца з выдзеленымі авансамі, ды яшчэ і ў касе гаспадаркі грошай прыбавілася. Таму ўжо рыхтуем глебу з разлікам пачаць сяўбу рапсу на гэтым тыдні. Трэба рызыкаваць. Нездарма ж наш рэгіён лічыцца зонай рызыкоўнага земляробства.

— Затое па ўраджайнасці збожжавых ідзяце амаль уровень з «Маяком Браслаўскім».

— Тут трэба ўлічыць тое, што пакуль мы малоцім азімыя культуры, якія сёлета больш важкія за яравыя. У мінулым жа годзе гектар азімых даваў на 10 цэнтнераў больш. З палеткаў яравых збожжавых возьмем толькі па 17-19 ц з га. Глебу, як і прыроду, не падманіш. Мінеральных тукаў пад сяўбу не было, не надта спрыяла росту культур і надвор’е, таму даводзіцца задавальняцца тым, што вырасла.

— Прабачце, але мне здаецца, вы крыху спрошчваеце сітуацыю. Пры вашай бальнасці зямлі без мінеральнага сілкавання можна намалаціць па 13-14 цэнтнераў з гектара. А кажаце збярэце па 17-19.

— А пры нястачы мінеральных угнаенняў кожнага агранома пэўны час будзе выручаць граматнае размяшчэнне культур у агульным севазвароце. Азімыя мы сеялі па кукурузянішчах, дзе, дзякуючы унесенай у папярэднія гады арганіцы, захаваўся пэўны запас спажыўных рэчываў. Папярэднікамі яравых былі бабовыя травы, рапс. За кошт гэтага ўраджайнасць і падтрымліваецца. Нічога іншага прыдумаць нельга.

Непасрэдна ходам уборкі задаволены?

— Мне, як і ўсім калегам, графік жніва паламала сёлетняе надвор’е. Пры леташнім паспелі б убраць не менш 75 — 80% плошчаў. Пакуль жа падыходзім толькі да паловы. Працуем, як дазваляе нябесная канцылярыя, выкарыстоўваючы кожную пагожую хвіліну. У лідарах па намалотах, як заўсёды, Расціслаў Крукоўскі. Дарэчы, хачу асобна выказаць словы ўдзячнасці нашым прыкамандзіраваным камбайнерам Анатолю Савіцкаму і Валерыю Пучынскаму, якія працуюць нараўне з нашымі спрактыкаванымі механізатарамі. Увогуле ж праблемы з арганізацыяй работ не бачу. Галоўнае, каб усталявалася надвор’е.

Тады, сонечных дзён. Дзякуй за гутарку.

■ Фота аўтара.