Памяці Станіслава Нарбута

Выставки

1У гісторыкакраязнаўчым музеі пачала працаваць выстаўка, прысвечаная славутаму земляку нашага краю Станіславу Нарбуту. Яна прымеркавана да 110-годдзя нарбутаўскай лячэбніцы.

Гісторыкі і краязнаўцы пачалі збіраць інфармацыю пра жыццё Станіслава Нарбута з пачатку адкрыцця музея. Цяпер у яго фондах захоўваецца цэлы комплекс матэрыялаў, прысвечаных лекару. Частку з іх перадалі нашчадкі С. Нарбута.

Нельга не ацаніць вялікі ўклад у медыцынскае і культурнае жыццё Браслаўшчыны гэтага чалавека. Так, у 1906 годзе, дзякуючы намаганням лекара, у Браславе адкрылася земская лячэбніца, якая была адной з лепшых у той час. Таксама С. Нарбут стаяў ля вытокаў таварыства пажарнай аховы і народнага тэатра, выдаваў рукапіснае выданне “Дух Браслаўца”, вёў актыўную грамадскую дзейнасць.

Вядома ж, у адной выстаўцы немагчыма паказаць увесь матэрыял, які датычыцца вядомага браслаўчаніна. Тым не менш супрацоўнікі музея падабралі найбольш цікавыя дакументы, фотаздымкі, рэчы, з дапамогай якіх можна трапна і дэталёва прасачыць яго лёс і працоўную дзейнасць.

На выстаўцы цікавасць выклікаюць здымкі С. Нарбута і яго сям’і, самаробная перыёдыка “Дух Браслаўца”, выпіска з асабістай справы і дазвол на назначэнне сельскім урачом, медыцынскія прыборы і дапаможнікі, аптэчныя рэцэпты і інш.

Станіслаў Нарбут, несумненна, яскравая постаць у гісторыі Браслаўшчыны і пазнавальная выстаўка ў гісторыка-краязнаўчым музеі яшчэ раз нагадвае пра гэта.

■ Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.