ЗБІРАЕМСЯ Ў ШКОЛУ

Главное Калейдоскоп Новости

4e77cf51c9a636eefc3babe2a3280a45a4935179Хутка лета пачне адлічваць свае апошнія дзянькі. Калі школьнікі гэты час выкарыстоўваюць для таго, каб набрацца сіл перад новым навучальным годам, то іх бацькі заклапочаны зборамі дзіцяці ў школу. Адзенне, абутак, спартыўная форма, ранцы і тое, што ў іх трэба пакласці… Адным словам, спіс багаты, але без гэтага як першакласніку, так і вучню старэйшых класаў не абысціся.

Бацькоў хвалюе пытанне, дзе набыць усё неабходнае, ды так, каб не надта спустошыць кашалёк. Таму адны з іх адпраўляліся за пакупкамі ў буйныя гарады ці нават за мяжу, іншыя чакалі, калі асартымент неабходных рэчаў стане багатым і ў крамах нашага горада. Ці магчыма набыць усё неабходнае да школы ў райцэнтры высвятляла “Браслаўская звязда”.

У першую чаргу дзіцяці патрэбна школьная форма. Пошукі яе пачаліся з дзіцячага аддзела ўнівермага “Брас”. У пачатку жніўня адзення тут было столькі, што ламіліся паліцы. Цяпер яго стала крыху менш, і не выпадкова, бо, як зазначылі прадаўцы, гандаль ідзе актыўна. Кожны дзень сюды заглядваюць бацькі і без пакупак не выходзяць. Асабліва запатрабаваны канцылярскія тавары, абутак і спартыўная форма. Для хлопчыкаў тут можна выбраць касцюм ці асобна штаны, пінжакі, кашулі. Асартымент адзення для дзяўчынак і ўвогуле парадаваў: спадніцы, сарафаны, блузкі і касцюмы. Уся школьная форма выключна беларускай вытворчасці. Акрамя таго, ва ўнівермагу шмат розных дробязей для таго, каб укамплектаваць школьны ранец, ды і іх саміх удосталь.

23114ba525bfc342588b8b747f8cb844_XLКалі асобныя рэчы разбіраюць, тут жа заказваюць у пастаўшчыкоў новыя. Вось і ў той дзень, калі сюды завітала я, чакалі прывоз спартыўнай формы, жакетаў, джэмпераў і абутку. Асобна хочацца адзначыць разнастайнасць мадэляў. Калі два гады таму назад выбіраць магчыма было з чорна-шэрай гамы, то сёлета дызайнеры пастараліся — школьніка можна адзець у якасныя і стыльныя рэчы. Да таго ж, кожны дзень, акрамя панядзелка, палатка ад універмага з неабходнымі для школы рэчамі працуе і на рынку.

Гарадскі рынак становіцца другім пунктам у пошуках неабходнага для школы. У будныя дні тут можна набыць толькі канцылярскія прыналежнасці ды ранцы. А вось у нядзелю парадаваў багаты асартымент адзення, абутку і іншых дробязей, у асноўным замежнай вытворчасці. Так, касцюм на хлопчыка сярэдніх класаў тут можна набыць за 60 рублёў, а на старшакласніка — да 100 руб. Сарафаны для дзяўчынак каштуюць каля 50 рублёў, а касцюмы — прыкладна 90. Розную па мадэлях, кошту і якасці школьную форму ахвотна прымяралі, а потым і набывалі шматлікія пакупкі. Багаты выбар канцылярскіх тавараў не толькі на рынку, але і ў ГЦ “Віталіч”. Сшыткі, фламастары, каляровыя алоўкі, адным словам усё, што патрэбна дзіцяці. Асобныя школьныя прыналежнасці можна набыць у розных прыватных крамах. Што датычыцца кошту, то калі ўзяць канцылярскія тавары, то на іх у розных крамах ён вагаецца не значна. Можна і ў магазінах спажыўкааперацыі знайсці танныя рэчы, а можна і ў прыватных. Галоўнае, каб яны падабаліся школьніку.

Такім чынам, усё неабходнае для школы можна набыць і ў райцэнтры. Пры гэтым якога б кошту рэчы бацькі не куплялі, сума выйдзе не маленькая. І безумоўна, лепш за ўсё паклапаціцца пра пакупкі загадзя.

  • Паводле ацэнак Міністэрства гандлю, у гэтым годзе беларускія прадпрыемствы прапануюць 400 мадэлей адзення дзелавога стылю для хлопчыкаў і дзяўчынак, амаль 300 мадэлей абутку. Кошт экіпіроўкі (уключаючы адзенне, абутак, школьна-пісьмовыя і канцылярскія тавары) вучня малодшых класаў ад Br150 да Br690, у тым ліку ад B100 да Br400 — адзенне і абутак; старшакласніка — ад Br200 да Br850, у тым ліку ад Br140 да Br500 — адзенне і абутак..

■ Таццяна ПЯТУШКА.