Трывалы фундамент Дзмітрыя Маркушонка

Люди

1Безумоўна, праца будаўніка заўсёды запатрабавана. Ва ўсе часы яна карыстаецца пашанай і павагай. Нездарма ў народзе кажуць: “Будаваць — значыць жыць.”

Гэтай думкі прытрымліваецца і малады энергічны рабочы ПМК-42 Дзмітрый Маркушонак, бо з падлеткавага ўзросту ў яго душы “прыкіпела” цікавасць да будаўніцтва.

Пасля зак анчэння Опсаўскай сярэдняй школы хлопец атрымаў у Відзаўскім каледжы спецыяльнасць цесляра, а пазней практычныя будаўнічыя навыкі ён спасцігаў падчас службы ў арміі.

Сёння за плячыма Дзмітрыя ўжо дзевяць гадоў прафесійнага стажу. За гэты тэрмін будаўнік асвоіў сумежныя спецыяльнасці тынкоўшчыка і муляра, авалодаў тонкасцямі і сакрэтамі сваёй прафесіі і зарэкамендаваў сябе як спецыяліст высокага ўзроўню. Таму па выніках сваёй працоўнай дзейнасці не аднойчы быў узнагароджаны ганаровымі граматамі арганізаціі.

Дзякуючы рукам Д. Маркушонка і яго таварышаў, у нашым раёне будуюцца дамы, у якіх нараджаюцца і растуць дзеці, узводзяцца вытворчыя будынкі, дзе мы працуем, магазіны, дзе набываем усё неабходнае…

Але акрамя жадання працаваць, патрэбна добрае здароўе, выдатная фізічная форма і вынослівасць, каб забяспечыць высокую вытворчасць работы пад адкрытым небам і ў спёку, і ў холад.

— Праца наша нялёгкая, — дзеліцца сваімі думкамі Дзмітрый, — але ўжо прызвычаіўся да складанасцей. Кожны аб’ект па-свойму цікавы, заўсёды нечаму вучышся. Да таго ж так прыемна ўяўляць, якую радасць адчуваюць людзі ў новенькіх кватэрах, што ўладкаваны тваімі рукамі.

І сапраўды, прыгожы, цёплы, утульны дом — мара кожнага, якую дапамагаюць ажыццявіць людзі адной з самых запатрабаваных з даўніх часоў прафесіі — будаўнікі.

■ Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара